«Мы нейкай агрэсіі не бачым». У ДАІ пракаментавалі зʼяўленне «сармат-машыны» ў Гомелі

Учора ўвечары ў Гомелі зʼявіўся аўтамабіль, які належыць актывісту пракрамлёўскага руху НОД з макетам ракеты на даху, надпісам «на Вашынгтон» і партрэтам Лукашэнкі.

09.03.2023 / 13:46

Журналіст «Флагштока» патэлефанаваў ва ўпраўленне ДАІ Гомельскай вобласці па нумары дзяжурнага, каб даведацца, ці ёсць парушэнні беларускага заканадаўства з боку расійскага кіроўцы.

Гаспадар аўтамабіля — актывіст пракрамлёўскай арганізацыі НОД Равіль Гарыфулін

 На пытанне, ці ёсць парушэнні ў перавозцы грузу легкавым аўтамабілем інспектар адказаў: «Там габарыты ў яго, усё гэта ёсць, страхоўка нармальна. Не выходзяць [габарыты грузу за дазволеныя значэнні], мы ўжо правяралі гэты аўтамабіль….Па правілах Дзяржаўтаінспекцыі не парушае».

Пытанне аб законнасці ўстаноўкі няштатных фар і «мігцелкі», інспектар ДАІ праігнараваў.

Таксама журналіст спытаў яго меркаванне аб ваеннай агітацыі, размешчанай на аўтамабілі.

«У чалавека нейкая рэклама, мы з боку ДАІ нейкай агрэсіі не бачым», — адказаў суразмоўца.

Nashaniva.com