Лукашэнка патрабуе трымаць цэны любым спосабам

Бязмежжа з узроўнем цэн у Беларусі не дапусцяць. Так заявіў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета Міністраў, прысвечанага вынікам работы эканомікі за 2022 год.

10.03.2023 / 11:04

«Вядома, асаблівая ўвага — барацьбе з інфляцыяй. Цэны — пытанне нумар адзін для людзей. Такога ўсплёску, які адбыўся мінулай восенню, больш дапускаць катэгарычна нельга.

Якімі хочаце спосабамі (манетарнымі, рэгулятарнымі, адміністрацыйнымі), але дамагайцеся, каб, як дамовіліся, трымаць калідор у раёне 7%. Гэтая лічба павінна быць чырвонай лініяй, яе павінен разумець бізнес, вытворца і гандаль. Інакш меры будуць прыняты самыя жорсткія.

Бязмежжа дапусціць мы не можам. Цэны павінны быць справядлівымі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго, не менш важная ўмова — паўнавартасны асартымент на прылаўках магазінаў.

«Кожную хвіліну памятайце: усе сацыяльныя абавязацельствы па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва Беларусі павінны быць выкананы безумоўна. Гэта сацыяльны кантракт улады з народам», — сказаў ён.

Таксама ён патрабаваў ад урада аднавіць аб'ёмы інвестыцый з прыярытэтам стварэння імпартазамяшчальных вытворчасцей.

«Я бачу, што сітуацыя ў параўнанні з летняй палепшылася, няхай і не нашмат. Але пры гэтым паўнацэннай антысанкцыйнай перабудовы, на жаль, яшчэ не адбылося. Пакуль што», — заўважыў Лукашэнка. 

Nashaniva.com