Вольга Чамаданава аб пратэстах 2020 года: Выдатна разумела, за што і дзеля каго змагалася

Сённяшняя кіраўніца Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава на момант жнівеньскіх пратэстаў 2020 года была прэс-сакратаркай МУС Беларусі і часта з'яўлялася ў СМІ. У гутарцы з «Мінск-Навінамі» яна распавяла, як успрымала тыя падзеі. 

12.03.2023 / 15:50

Вольга Чамаданава. Фота: «Мінск-Навіны»

Аўтар «Мінск-Навінаў» спытаў у Вольгі Чамаданавай, ці адчувала яна гонар, калі ў часе пратэстаў стала вельмі пазнавальнай.

«У той час я ні пра што такое не разважала. Было, мабыць, пачуццё здзіўлення, калі дзесьці праз год пасля заканчэння таго электаральнага перыяду я шмат ездзіла па рэгіёнах. А там падыходзілі зусім незнаёмыя людзі і вельмі эмацыйна дзякавалі. Адна жанчына, памятаю, сказала: «Ведаеце, мы ж тады кожны дзень уключалі тэлевізар і чакалі, што вы скажаце».

І зараз паўтару: у мяне не ўзнікала ніякіх сумневаў у правільнасці таго, што я раблю і што кажу. Выдатна разумела, за што і дзеля каго змагалася».

Таксама ў гутарцы Вольга Чамаданава патлумачыла, чаму не стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, на каго вучылася.

«Я выдатна памятаю свой першы ўрок у Ліцэі БДУ падчас праходжання педагагічнай практыкі. Гэта былі ўжо дарослыя хлопцы і дзяўчаты, матываваная аўдыторыя, вельмі цікавая, дарэчы. І быццам усё было добра. Але пасля заканчэння ўрока я зразумела, што чакала чагосьці большага. Разумееце, любая справа, за якую бярэшся, павінна выклікаць эмоцыі. Для жанчыны гэта вельмі важна, ды і не толькі для яе. Напрыклад, знакаміты савецкі тэатральны рэжысёр Анатоль Эфрос рэпеціраваў свае спектаклі, пакуль яны не ўзляталі. З'яўляюся максімалісткай, чагосьці падобнага чакала і я ад таго ўрока. Так, магчыма, не адразу, але яшчэ на філфаку я зразумела, што буду займацца чымсьці іншым», — патлумачыла Чамаданава.

Nashaniva.com