На месцы разбуранага дома ў Дняпры з'явіцца мемарыяльны сквер

Расійская ракета трапіла ў дзевяціпавярховы жылы дом у Дняпры 14 студзеня. Яна знішчыла цэлы пад'езд, зверху данізу. Гэта 72 кватэры, у якіх былі прапісаныя амаль 200 чалавек. Суседні пад'езд таксама пацярпеў. У той дзень загінулі 44 чалавекі, 79 пацярпелі.

15.03.2023 / 11:28

Фота Evgeniy Maloletka / AP

Мэр Дняпра Барыс Філатаў сёння кажа, што ўлады збіраюцца цалкам дэмантаваць два пад'езды дома, а на іх месцы разаб'юць мемарыяльны сквер.

Людзям, якія жылі ў гэтым доме, працягваюць выплачваць кампенсацыі.

Філатаў разглядаў пытанне аб набыцці для пацярпелых кватэр, але паскардзіўся на «антыкарупцыйны вэрхал»: «Калі б мы купілі ў нейкага забудоўшчыка, нам бы сказалі: чаму вы купілі ў гэтага забудоўшчыка, а не ў іншага». Спыніліся на варыянце выплаціць кампенсацыі.

Улады горада вырашылі не перасяляць усіх людзей у адно месца, таму што «людзей, аб'яднаных агульнай сацыяльнай стратай, нацыянальнасцю, агульнай падзеяй, разам сяліць нельга»: «напрыклад, ваенныя мястэчкі. Ці нацыянальныя пасёлкі — гэта фактычна гета», — лічыць Філатаў. У такім доме, дадае ён, «кожны дзень былі б памінкі».

Nashaniva.com