Ціханоўская: Сёння не той дзень, з якім можна віншаваць

Дэмакратычны лідар Беларусі выступіла са зваротам да Дня Канстытуцыі, які адзначаецца сёння на афіцыйным узроўні. Канстытуцыя Беларусі, нагадаем, была прынятая 15 сакавіка 1994 года.

15.03.2023 / 13:01

«Сёння дзень Канстытуцыі. Канстытуцыі, якую за апошнія 28 гадоў некалькі разоў незаконна перапісвалі. Канстытуцыі, чые артыкулы сістэматычна парушаў рэжым, акрамя, хіба што, артыкула 20: Мінск — сталіца Беларусі. Канстытуцыі, якая ўжо даўно страціла свой сэнс», — адзначыла Святлана Ціханоўская.

«Нажаль, сёння не той дзень, з якім можна павіншаваць, але той, калі можна нагадаць сабе, як шмат мы з вамі ўжо зрабілі на шляху да вяртання сваіх канстытуцыйных правоў. І як шмат нам яшчэ давядзецца зрабіць, каб усе законы нашай краіны працавалі і абаранялі беларусаў, а не станавіліся інструментам для рэпрэсій супраць народа».

Па словах Святланы Ціханоўскай, у дэмакратычных сілаў ужо ёсць бачанне таго, як павінна выглядаць Канстытуцыя новай Беларусі.

«Нашая задача — не проста новая кніжка з наборам словаў, якім кожны чыноўнік зможа пагрэбаваць дзеля ўласных інтарэсаў. Нашая задача — вярнуць гэтаму дакументу значнасць. Падрыхтаваць такую Канстытуцыю, якая стане абаронай ад дыктатуры, гарантуе кожнаму чалавеку правы і свабоды, а таксама ўсталюе дэмакратычныя стрымкі і процівагі», — зазначыла дэмакратычная лідарка.

Ціханоўская прапануе кожнаму далучыцца да абмеркавання праекта Канстытуцыі новай Беларусі на сайце: kanstytucyja.online.

«Я ведаю, што дэмакратычныя перамены ў нашай краіне непазбежныя, як бы моцна рэжым ні спрабаваў пераканаць нас у адваротным. Прама цяпер мы з вамі набліжаем той час, калі Беларусь стане свабоднай дэмакратычнай краінай», — рэзюмуе Святлана Ціханоўская.

Чытайце таксама:

Ціханоўская правяла важныя сустрэчы з палітыкамі Вялікабрытаніі

Ціханоўскай прысудзілі Міжнародную прэмію міру Тыпэрэры

Nashaniva.com