У Баранавічах мужчына ўсю ноч прасядзеў на ліхтарным слупе

Паведамленне пра тое, што на апору лініі электраперадачы забраўся чалавек, паступіла позна ўначы 15 сакавіка, распавялі «НК» у Баранавіцкім ГРАНС.

15.03.2023 / 13:54

У Паўночным мікрараёне выратавальнікі сапраўды знайшлі хлопца, які сядзеў на апоры лініі электраперадачы высока над зямлёй.

Супрацоўнікі МНС пачалі падымацца за маладым чалавекам, каб дапамагчы яму спусціцца ўніз. Заўважыўшы гэта, хлопец «імкліва пачаў паднімацца яшчэ вышэй».

Затым спыніўся і запэўніў, што зараз спусціцца сам. Аднак замест гэтага наадварот палез уверх.

Так працягвалася ўсю ноч: хлопец то пагражаў, што вось-вось кінецца на зямлю, то прасіў спецслужбы зʼехаць, бо збіраецца спускацца.

У выніку з апоры малады чалавек усё ж злез прыкладна ў 6:30 і адразу ж кінуўся ўцякаць. Супрацоўнікі МНС дагналі яго і перадалі брыгадзе хуткай дапамогі.

Матывы ўчынку невядомыя.

Nashaniva.com