Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі УЕФА адхіліць зборную Беларусі ад удзелу ў кваліфікацыях да ЧЕ — 2026

104 дэпутаты Еўрапейскага парламента звярнуліся з лістом да прэзідэнта УЕФА Аляксандра Чэферына з просьбай адхіліць зборную Беларусі ад удзелу ў кваліфікацыйных матчах да чэмпіянату Еўропы 2024 года. Пра гэта піша «Радыё Свабода» са спасылкай на ліст, які трапіў у рэдакцыю.

15.03.2023 / 16:19

Старшыня Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў. Фота sb.by

Свой заклік яны матывавалі рэпрэсіямі ў Беларусі і саўдзелам беларускіх улад у вайне супраць Украіны.

«Мы лічым важным, каб УЕФА перагледзеў сваю цяперашнюю пазіцыю ў дачыненні да Беларускай федэрацыі футбола. З міжнароднага пункту гледжання, відавочна, што цяперашнія захады неадэкватныя і не адлюстроўваюць таго, што робяць беларускія ўлады ў дачыненні да правоў чалавека і іншых каштоўнасцяў УЕФА.

Нявінна затрыманыя цярпяць катаванні і знявагі, што відавочна парушае іх правы і свабоды. Значная частка беларускага грамадства цяпер жыве ў страху, запалохана тым, што нават нязначныя прыкметы непадтрымкі рэжыму Лукашэнкі могуць прывесці да страты іх кар’еры або волі. У тым ліку і беларускія спартсмены. Таму для нас відавочна, што тыя футбалісты, якія яшчэ застаюцца ў беларускай футбольнай зборнай, падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.

Як усе гэтыя факты можна суаднесці з каштоўнасцямі УЕФА і матчамі УЕФА, якія павінны быць сімвалам міру і супрацоўніцтва, якія ўвасоблены ў футбольнай сямʼі? Сам факт удзелу зборнай Беларусі ў чэмпіянаце УЕФА пазней будзе выкарыстаны Лукашэнкам і яго прапагандысцкай камандай, каб даказаць, што яго добра прымаюць у міжнароднай супольнасці», — гаворыцца ў лісце.

Адборачны турнір да чэмпіянату Еўропы па футболе стартуе ўжо на наступным тыдні.

Nashaniva.com