Беларускія лясгасы будуць гандляваць гатовымі драўлянымі зрубамі 

У Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі абвясцілі, што яны плануюць развіваць у краіне драўлянае домабудаванне і самі бяруцца рабіць ды прадаваць гатовыя зрубы. Названы і прыкладны кошт такой хаты: праўда, яна не ўлічвае кошт даху, вокнаў і дзвярэй.

16.03.2023 / 18:46

Фота: Мінлясгас

Гандлёвую пляцоўку Мінлясгаса пад назвай «Лясная хатка» на Лагойскім тракце ў Мінску 16 сакавіка 2023 года наведаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Ён азнаёміўся з узорамі выстаўленых тут жылых драўляных дамоў, якія складаюцца са зруба і абрашоткі пад дах.

«Хочам адрадзіць драўлянае дойлідства. Сёння кожная вобласць прадставіла свой варыянт зрубаў», — паведаміў пры гэтай нагодзе міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік.

Паводле слоў Куліка, зруб дома на гандлёвай пляцоўцы будзе каштаваць ад 55 да 100 тысяч рублёў. Пры гэтым «дом пад ключ» ставіцца на гатовы падмурак. «Гэта вокны, дзверы, дах, застаецца толькі аздабленне. Людзі ўжо тэлефануюць і цікавяцца», — сказаў ён.

Праўда, падчас прэзентацыі хат Галоўчанку паказалі толькі зрубы з кроквамі і бэлькамі, але без дахавага пакрыцця. Для таго, каб здаваць дамы «пад ключ», лясгасам трэба наладжваць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі сумежных галін.

Фота: Мінлясгас

Аляксандр Кулік паведаміў, што цяпер у Беларусі працуе восем фірменных магазінаў Мінлясгаса. У найбліжэйшыя два тыдні такая пляцоўка адкрыецца ў Смалявічах, а да 1 ліпеня 2023 абяцана адкрыццё яшчэ сямі пунктаў, уключаючы пляцоўкі ў Лідзе, Пінску, Оршы, Бабруйску і Полацку.

Nashaniva.com