Лукашэнка заявіў, што Захад прапаноўваў яму абмяняць беларусаў, затрыманых у Польшчы за працу на карысць Расіі

Аляксандр Лукашэнка сёння згадаў аб затрыманні ў Польшчы 9 чалавек, уключаючы трох беларусаў, якія, паводле польскага боку, працавалі на расійскія спецслужбы.

22.03.2023 / 14:42

Затрыманыя беларусы. Фота: сацсеткі затрыманых і «Кіберпартызаны»

«Яны [на Захадзе] ужо адказаць нічым не могуць. Ведаеце, арыштавалі там украінцаў і беларусаў: «О цуды! На Расію працавалі». Украінцы, беларусы і іншыя. Але ніхто нічога не даказвае, ніхто нічога не паказвае, што ж гэта за людзі, якія працавалі на Расію. Шпіёнамі абвясцілі. Усё проста: хочуць абмяняць. Хапаюць людзей, каб прапанаваць Расіі ці Беларусі абмен на кагосьці. Ужо прапаноўвалі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

15 сакавіка Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы заявіла, што ліквідавала шпіёнскую сетку, якая працавала на Расію і павінна была здзяйсняць падрыхтоўку да дыверсійнай дзейнасці ў Польшчы.

Сярод іх трое беларусаў — 41-гадовы Мікалай Маскаленка, 28-гадовы Уладзіслаў Пасміцюха і яго дзяўчына — 18-гадовая Марыя Мядзведзева.

Nashaniva.com