МАК выступіў за допуск беларусаў на спаборніцтвы пад нейтральным сцягам, але толькі ў індывідуальных відах спорту

Беларускія і расійскія спартсмены могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пад нейтральным сцягам і толькі ў індывідуальных турнірах. Удзел спартсменаў з гэтых краін у камандных відах спорту не разглядаецца, заявіў на прэс-канферэнцыі 28 сакавіка прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах.

28.03.2023 / 18:18

Томас Бах

«Сёння выканаўчы камітэт МАК выпускае міжнародным федэрацыям і арганізатарам міжнародных спартыўных спаборніцтваў наступныя рэкамендацыі:

па-першае, атлеты з расійскімі ці беларускімі пашпартамі павінны выступаць толькі ў якасці індывідуальных спартсменаў. Па — другое, спартсмены з расійскімі ці беларускімі пашпартамі ў камандных відах спорту не могуць разглядацца», — заявіў Бах.

МАК таксама рэкамендаваў дапусціць да ўдзелу ў спаборніцтвах у нейтральным статусе спартсменаў з Беларусі, якія не падтрымліваюць вайну ва Украіне. Удзел беларускіх і расійскіх спартсменаў у Алімпіядзе 2024 года ў Парыжы на пасяджэнні выканкама не абмяркоўваўся.

Таксама Бах у сваім выступленні падкрэсліў, што ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах не могуць спартсмены, якія нейкім чынам звязаныя з расійскімі і беларускімі ўзброенымі сіламі ці нацыянальнымі структурамі. Атлеты таксама павінны адпавядаць усім антыдопінгавым рэкамендацыям.

МАК таксама пакінуў у сіле рэкамендацыю па забароне на правядзенне міжнародных спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі і Расіі; забарону на выкарыстанне сцягоў, гімнаў, кветак або любых іншых апазнавальных знакаў Беларусі і Расіі падчас правядзення спартыўных мерапрыемстваў, а таксама забарону на акрэдытацыю спартыўных функцыянераў з Беларусі і Расіі на спаборніцтвы.

Чытайце таксама:

Кіраўнік МАК Томас Бах — за доступ спартсменаў з Беларусі і Расіі да Алімпійскіх гульняў-2024 у Парыжы

Украіна, Польшча і краіны Балтыі звярнуліся да МАК з заклікам не даваць палёгкі расійскім і беларускім спартсменам

УЕФА разгледзіць пытанне выключэння беларускага футбола з міжнародных спаборніцтваў

Nashaniva.com