Полацкі піўзавод прадаецца з аўкцыёну

На электроннай гандлёвай пляцоўцы «ІПМ-Таргі» размясцілі аб’яву аб продажы з аўкцыёну завода «Полацкія напоі і канцэнтраты», больш вядомага як Полацкі піўзавод.

01.04.2023 / 18:10

Піўзавод з’яўляецца дзейным прадпрыемствам і прадаецца як маёмасны комплекс. Пачатковы кошт лота складае 3,2 мільёна рублёў, або 1,1 мільёна долараў. Прадаўцом выступае адкрытае акцыянернае таварыства «Белсолад».

Таргі прызначаныя на 4 красавіка. Пакупнік павінен будзе пакрыць крэдыторскую запазычанасць прадпрыемства перад ААТ «Белсолад» у тэрмін, не пазнейшы за 36 месяцаў з даты заключэння дагавора куплі-продажу, шляхам штомесячнага пагашэння запазычанасці роўнымі долямі.

Таксама пакупнік абавязаны заключыць з ААТ «Белсолад» дамову куплі-продажу абсталявання, набытага таварыствам для гэтага прадпрыемства.

Летась Полацкі піўзавод адзначыў 50-годдзе. У асартыменце яго прадукцыі — піва, канцэнтрат квашанага сусла, соладавыя экстракты. У апошні час прадпрыемства актыўна развівала ўласную гандлёвую сетку.

Чытайце таксама:

З чацвёртага разу прадалі старую панскую сядзібу ў Ганцавіцкім раёне

Тапузідзіс набыў гасцініцу «Славянская» ў Мінску

У Сенненскім раёне выставілі на продаж рэшткі маёнтка, у якім некалі працаваў Янка Купала

Nashaniva.com