«Видишь, блок агрессии сколочен». Полацкія «рускамірцы» прэзентавалі збор сваёй паэзіі

У Полацкім каледжы ВДУ імя Машэрава прэзентавалі нумар маскоўскага часопіса «Литературные знакомства», дзе існуе рубрыка «Книга в журнале». У гэтай рубрыцы выйшла і «Полоцкая литературная тетрадь», вытрыманая цалкам у рускамірным духу, піша «Віцебская вясна».

03.04.2023 / 22:34

Святлана Чыжова

Паводле выдаўцоў, у гэтае выданне ўвайшлі творы 25-ці полацкіх рускамоўных аўтараў, удзельнікаў літаратурных суполак «Литературный ковчег», «Полоцкая ветвь» і «Наддзвінне». 

Укладальніца «Полоцкой литературной тетради» — кіраўніца створанага ў 2007 года літаратурнага клуба «Літаратурны каўчэг» Святлана Чыжова. 

Святлана Чыжова аб’яднала вакол сябе ідэйна-літаратурных прыхільнікаў, разам з якімі яна бярэ ўдзел у разнастайных расійскіх літаратурных конкурсах. Улетку гэтага году яна прывезла шэраг узнагарод з фестывалю «Інтэлігентны сезон», які праводзіўся ў Керчы ў анексаваным Расіяй Крыме. Сярод іншага полацкая паэтка атрымала там прыз глядацкіх сімпатый у намінацыі «Вершы пра Расію».

Таксама летась Святлана Чыжова была ўганараваная дыпломам як удзельніца літаратурнага конкурсу «Во славу России», дзе прэзентавала верш «З фронту» на тэматыку расійска-ўкраінскай вайны.

У ім паэтка піша ад імя расійскага салдата: «Мама! Не вернулся я с войны / Потому, что бой мой не окончен / В мире, слышишь, нету тишины / Видишь, блок агрессии сколочен / К столкновенью жизней призывать / Не перестают лихие люди / Как же мне от битвы отставать / С теми, окопавшимися в блуде…»

Прытым чытае Святлана Чыжова такія вершы не толькі ў Расіі, яе цяпер рэгулярна запрашаюць выступаць у мясцовыя бібліятэкі і Дамы культуры і на публічныя гарадскія мерапрыемствы.

Чытайце таксама:

У Гомелі настаўнік павёў школьнікаў у мясцовы «Рускі дом», каб пасумаваць з нагоды гібелі Уладлена Татарскага

На канферэнцыю ў акупаваным Луганску паедуць тры выкладчыцы беларускіх ВНУ. Што за яны?

«Рускі дом» у Гомелі адпраўляе мясцовых школьнікаў у анексаваны Крым

Nashaniva.com