У пасёлку Акцябрскі да «Дажынак» спілавалі каштанавую алею. Жыхары абураны: «Не без дурасці»

Мясцовыя ўлады падаюць гэта як добраўпарадкаванне тэрыторыі. 

07.04.2023 / 16:53

Фота: «Чырвоны Кастрычнік»

Пра спілаваныя дрэвы «Нашай Ніве» расказаў мясцовы жыхар. 

«Пачалі да абласных «Дажынак» рыхтавацца, і не без дурасці. Спілавалі старыя зялёныя насаджэнні ўздоўж Савецкай вуліцы, людзі абураюцца. На фотаздымках нашай газеты маштаб не так бачны. 

Абяцаюць пасля новыя пасадзіць. Але мы ж разумеем, як гэта бывае. Як на праспекце ў Мінску. І не ведаю, ці былі грамадскія абмеркаванні праекта добраўпарадкавання, як гэта прынята», — кажа ён. 

Фота: «Чырвоны Кастрычнік»

Як паведамілі мясцовай раёнцы «Чырвоны Кастрычнік» ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, дрэвы па вуліцы Савецкай ад гасцініцы да крамы «Дары ад зары» выдаляюцца ў сувязі з тым, што

яны перашкаджаюць далейшаму добраўпарадкаванню і сучаснаму абнаўленню цэнтральнай вуліцы гарпасёлка. 

«Пад каштанамі пралягаюць камунікацыі да аб'ектаў, у якіх будзе праводзіцца рэканструкцыя, і таму ў іх выдаленні ёсць вострая тэхнічная неабходнасць. Але хвалявацца не варта: пасля завяршэння работ уздоўж вуліцы зноў будуць высаджаны новыя кампенсуючыя пасадкі. А значыць, маладыя дрэўцы ўпрыгожаць наш родны пасёлак і стануць добрым дадаткам да абноўленага і сучаснага аблічча нашай малой радзімы», — піша «Чырвоны Кастрычнік». 

Чытайце таксама: 

У аграгарадку пад Мсціславам жыхары талакой будуюць капліцу

У Гродне затрымалі праваабаронцу Віктара Сазонава. Cілавікі былі ў баявой амуніцыі

«Аператыўна рэагаваць на дэструктыўныя працэсы ў СМІ». Дэпутаты зноў рыхтуюць змены ў закон аб медыя

Nashaniva.com