Венгрыя лабіруе інтарэсы Беларусі ў ЕС — пасол Беларусі ў Венгрыі

У Беларусі па-ранейшаму шмат сяброў у Еўропе, лічыць пасол Беларусі ў Венгрыі Уладзімір Улаховіч.

17.04.2023 / 08:40

Паводле дыпламата, аднавіла работу беларуска-венгерская міжурадавая камісія, і «гэта вельмі рэзанансная падзея».

Новая тэма — гэта ўзаемадзеянне ў энергетычнай атамнай сферы паміж Венгрыяй і Беларуссю. «Нашы венгерскія партнёры вельмі дастойна і высока цэняць вопыт, які Беларусь мае сёння з нашай атамнай станцыяй», кажа Улаховіч.

Паводле яго, Венгрыя, якая павінна падтрымліваць санкцыйны рэжым краін ЕС, «умудраецца знаходзіць пункты судакранання і супрацоўнічаць з Беларуссю».

«Для нас самае адчувальнае — гэта страты ў нашым экспартным партфелі. Яны датычацца санкцыйнай прадукцыі: гэта мінеральныя ўгнаенні, якія сюды пастаўляліся, дрэваапрацоўка. Дарэчы, па дрэваапрацоўцы нашы венгерскія партнёры зʼяўляюцца своеасаблівымі лабістамі для таго, каб хаця б прабіць квоты па пелетах, якія вельмі запатрабаваны на еўрапейскім рынку, — гаворыць Уладзімір Улаховіч.

Ён сцвярджае, што «нягледзячы ні на што, у Еўропе па-ранейшаму шмат сяброў. І да нашай краіны ставяцца з вялікай сімпатыяй і павагай».

Nashaniva.com