Па цане дзвюх кватэр у Мінску. Якія кемперы прадаюць у Беларусі 

Кемпінг — мара многіх сямей, юнакоў і дзяцей. Паглядзелі, якія кемперы, у тым ліку самаробныя, прапануе беларускі рынак.

01.05.2023 / 14:49

Патрабуе інвеставання

Самы танны аўтамабіль, які хоць і даволі ўмоўна, але можна назваць кемпінгам, прадаецца за 2000 даляраў. Гэта Volkswagen Transporter T3 1981 года выпуску з арыгінальным салонам ад сапраўднага кемпера.

Фота тут і далей: av.by

Праўда, каб гэты 42-гадовы мікрааўтобус змог стаць сапраўдным домам на колах давядзецца прыкласці рукі і інвеставаць нямала грошай. Цяпер ён вельмі аддалена нагадвае месца для адпачынку, хоць і мае ў салоне набор мэблі, сядзенне якое раскладаецца ў ложак і нешта падобнае да кухні.

Да таго ж, як пазначана ў аб'яве, цяпер аўтамабіль не на хаду. Мікрааўтобус знаходзіцца ў Мінску.

У роднай фарбе

За 5990 даляраў у сталіцы прадаецца сапраўдны кемпер Fiat Ducato 1990 года выпуску. 

«Аўтамабіль у выдатным стане для свайго ўзросту. Па кузаве праблем няма, машына ў роднай фарбе. Рухавік без праблем. Толькі своечасовае і якаснае абслугоўванне», — апісвае прадавец свой 33-гадовы дом на колах.

Унутры кемпера ёсць усё неабходнае для жыцця: кухня, лядоўня, стол, крэслы. На даху месціцца спальнае месца.

Мікрааўтобус абсталяваны прыладай для перавозкі трох ровараў.

Прадаецца праз ад'езд з Беларусі

У Маладзечне за 7077 даляраў прадаецца самаробны кемпер, перароблены з грузавічка Iveco 1994 года выпуску. 

У мікрааўтобусе маецца тры спальныя месцы. Месцаў для сядзення таксама тры. Унутры ёсць працоўны стол, халадзільнік, газавая пліта на 2 фаеркі, мыйка, бакі для чыстай і бруднай вады, шафа, антрэсолі.

Гаспадар самаробнага кемпера адзначае, што прычына продажу — пераезд з Беларусі. 

Магчымы абмен

У Гомелі прадаецца паўнавартасны кемпер Peugeot J5 1986 года выпуску. Просяць за яго 11 тысяч даляраў. 

Звонку для сваіх гадоў мікрааўтобус выглядае даволі бадзёра. Перад уваходам у кабіну раскладаецца столік з навесам.

Паколькі па плошчы гэты кемпер значна большы за папярэднія вырыянты, то ў ім знайшлося месца і для туалета.

У аб'яве пазначана, што прадавец гатовы разглядзець розныя варыянты абмену з даплатай у ягоны бок.

Мара саляравоза

Яшчэ больш ёмісты кемпер у эксклюзіўнай афарбоўцы прадаюць у Кобрыне. За Fiat Ducato 1992 года выпуску з топавым для такога аўто рухавіком аб'ёмам 2.8 літры просяць 17 тысяч даляраў.

Дом на колах абсталяваны паліўным бакам на 220 літраў, што робіць яго марай не толькі для падарожнікаў, але і для жыхароў памежжа, якія зарабляюць на вывазе паліва. 

У гэтым кемперы знайшлося месца не толькі для туалета, але і для душа.

Такі кемпер будзе добра пасаваць для падарожжаў з дзецьмі, бо апроч вялікага спальнага месца ўнізе, тут ёсць яшчэ адзін спальнік над кабінай. Абаграваецца кемпер газам.

«Шышыга» з рухавіком ад Mercedes

За 20 тысяч даляраў у Мінску прадаюць самаробны дом на колах пабудаваны на базе ГАЗ-66. Грузавік быў выпушчаны ў 1991 годзе. 

У апісанні да старога савецкага паўнапрываднага грузавіка пазначана, што замест завадскога, у ім усталяваны дызельны рухавік і каробка перадач ад Mercedes. Заяўлены расход паліва 16 літраў на сотню.

Унутры ёсць душ, санвузел, кухонны куток, спальныя месцы, сухі фен (печка). Аўтамабіль абсталяваны двума бакамі з нержавеючай сталі для чыстай і бруднай вады.

Кемпер з відэаназіраннем

Далей па цэнах ідуць ужо сучасныя аўтадамы. Самы танны з іх — паўнавартасны кемпер Fiat Ducato 2007 года выпуску за $39 000.

«Шэсць спальных месцаў, 2 тэлевізара, андроід-прыстаўка, Wi-Fi узмацняльнік, USB разеткі, інвертар, кавамашына, вялікі халадзільнік, духавая шафа, туалет, душавая кабіна, халодная, гарачая вада, дэтэктар газу», — гаворыцца ў апісанні да аўтадома.

Вакол кемпера ўсталяваны бесправадныя відэакамеры. На тыльнай восі ўстаноўлена пнеўмападвеска. Аўтадом прадаецца ў Гомелі.

Сярод сучасных кемпераў прадаюцца два аўтадамы, пабудаваныя на базе цэльнаметалічнага фургона па цэнах 49 990 — 55 000 даляраў.

Сыходзячы з апісання, адзін з іх зусім нядаўна быў прывезены з Еўропы.

Дом на колах па цане дзвюх кватэр у Мінску

Што тычыцца самага дарагога аўтадома, выстаўленага на продаж у нашай краіне, то можна адзначыць, што замест дома на колах можна набыць адразу две кватэры ў Мінску.

За Adria Sonic 600 SC, пабудаваны на базе Fiat Ducato апошняга пакалення, просяць 109 тысяч даляраў.

«Цёплая падлога, маскітныя сеткі і ралеты на ўсіх вокнах і люках, вялізарны ванны пакой з вялікай душавой, ацяпленне на газе і на электрычнасці, маркіза, вялікі халадзільнік, электрападножка, велізарная колькасць скрынак, контурнае падсвятленне, сэнсарныя свяцільні, шмат разетак на 220В і USB», — гаворыцца ў апісанні да самага дарагога кемпінга ў Беларусі.

У кемпінгу ёсць два двухмесныя ложкі. Адзін — на ніжнім узроўні ў тыльнай частцы кепмера, другі — уверсе над месцам для кіроўцы і пасажыра.

Прадавец адзначае, што гэты люксавы кемпер не мае прабегу па краінах СНД і можа быць прададзены ў РФ без аплаты дадатковых мытных плацяжоў.

Чытайце таксама: 

У Беларусі расце колькасць аўто ў продажы. Чаму так адбываецца? Тлумачаць гульцы рынку

Nashaniva.com