На беларускіх прадпрыемствах хутка растуць складскія запасы

За год складскія запасы ў беларускай эканоміцы выраслі на 24%, а ў Мінску — на 44%.

19.05.2023 / 21:23

Мінскі трактарны завод. Фота ілюстрацыйнае

Па стане на 1 мая запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў склалі 9,176 млрд руб. у эквіваленце. За 12 месяцаў яны павялічыліся на 24%, што значна вышэй росту цэнаў.

У параўнанні з сярэднямесячным аб'ёмам вытворчасці складскія запасы на 1 мая 2023 года склалі 76,9%. Годам раней адносны ўзровень запасаў гатовай прадукцыі быў ніжэйшы — 66,8%.З 2016 года гэты паказчык у маі быў вышэйшы толькі адзін раз — у 2020 годзе (79,1%), заўважылі Вanki24.by.

Больш за ўсіх склады запоўнілі прадпрыемствы Брэсцкай вобласці — 113,3% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці (пры 72,5% у папярэднім годзе). У грашовым эквіваленце запасы дасягнулі 1,491 млрд руб, што на 76,7% больш, чым было год таму.

У лідарах таксама аказаўся Мінск — 106,8% ад выпуску ў месяц (86,3% было ў красавіку мінулага года). У грашовым выражэнні на сталічных складах сабралася 1,961 млрд рублёў, што на 44% больш за леташнюю суму.

У цэлым памер запасаў у грашовым выражэнні за год вырас ва ўсіх абласцях, акрамя Віцебскай.

Чытайце таксама:

Аўстрыйскі «Райфайзэн» спыняе супрацоўніцтва з беларускімі банкамі са жніўня — крыніцы

Больш за 50 тысяч чалавек перайшлі на выплату падатку на прафесійны даход

Саўмін засакрэціў пералік значных для дзяржавы юрыдычных асоб

Nashaniva.com