Знішчэнне ракет «Кінжал» цікавае найперш палітычнымі наступствамі

Пра наяўнасць у Расіі гіпергукавай зброі Пуцін педантычна паўтарае ад пачатку 2018 года. Тады на пасланні Федэральнаму сходу ен прадэманстраваў узоры «ўзбраення новага пакалення», якія наносілі ўдары па контурах мапы, якія прыгадвалі ЗША.

24.05.2023 / 06:55

Скрыншот «Кінжала». Відэа з YouTube Міністэрства абароны РФ.

Новую разрэкламаваную зброю Расія выкарыстоўвала найперш ў знешнепалітычных, ці, як любяць выказвацца ў Крамлі, «геапалітычных» мэтах.

Разлік грунтаваўся на тым, што Масква атрымала тое, чаго ніколі не меў СССР — тэхналагічнай перавагі над Захадам у вобласці стратэгічных узбраенняў. 

Рускія вырашылі, што сталі непаражальнымі для сваіх верагодных супернікаў і цяпер можна прыступіць да перагляду еўрапейскіх межаў і разбурэння сістэмы міжнародных адносін у Еўропе.

У пэўным сэнсе і трагічныя падзеі ў Беларусі пасля 2020 года, і паўнамаштабнае ўварванне ва Ўкраіну ў 2022-м сталі наступствам «з'яўлення» ў Расіі зброі новага пакалення. «Тут наш геапалітычны арэал, мы будзем тут рабіць чаго пажадаем, калі вы хочаце да яго дакрануцца, то спачатку паглядзіце на нашыя ракеты» — прыкладна так аргументавалі стан справы расійскія дыпламаты, спецслужбісты і эксперты. 

Аднак збітыя над украінскім небам «Кінжалы» выявілі тое, аб чым даўно здагадваліся спецыялісты — расійская зброя новага пакалення з'яўляецца блефам.

Магчыма рускія блефавалі таксама як гітлераўцы, калі паступова захоплівалі Еўропу ў 1936 — 1940 гадах. 

А магчыма, што проста дзеля дзяржаўнага абарончага фінансавання лабісты канструктарскіх бюро дакладвалі кіраўніцтву аб прарыўных распрацоўках, якія дадуць Маскве так жаданую перавагу над Вашынгтонам. Ваяваць жа яны і не думалі, яны ж не вар'яты. Аб карупцыі кажуць навіны аб арыштах маскоўскіх вучоных-аэрадынамікаў, якія мелі дачыненне да распрацоўкі «Кінжалаў».

Цяпер, калі «Кінжал» апынуўся выдавочным блефам, што будзе далей?

Зробім здагадку, што палітыка Расіі не зменіцца. Масква занадта шмат нарабіла бедаў у Еўропе, і цяпер будучыня крамлеўскага рэжыму залежыць ад вынікаў супрацьстаяння з Захадам.

Да таго ж Расія жыве на інерцыі, яна не ўмее прыстасоўвацца да менш прыемных для яе рэаліяў. Канфлікты з яе еўрапейскімі суседзямі якраз гэта ілюструюць — не ад Захаду, які знаходзіцца ў дэмаграфічным спадзе, зыходзяць пагрозы Расіі, але ад Сусветнага Поўдня і Далекага Ўсходу. Аднак, перабудаваць сваю палітыку рускія так і не змаглі.

Таму на падзенні «Кінжала» гісторыя не заканчваецца.

Чытайце таксама:

УСУ ўсё ж такі збілі «Кінжал»

Збіццём «Кінжала» ўкраінцы пацвердзілі на практыцы тое, што было гіпотэзай — ЗША

Сакратар РНБА Украіны распавёў пра шок расіян ад страты «Кінжала»

Nashaniva.com