Латвія сёння абірае прэзідэнта. Там ёсць свае нюансы

Прэзідэнт у Латвіі, як і ў Эстоніі, абіраецца парламентам.

31.05.2023 / 12:24

Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Фота з яго старонкі ў фэйсбуку

У Сейме Латвіі 31 мая пачалі абіраць новага прэзідэнта краіны, які стане пераемнікам дзейнага кіраўніка дзяржавы Эгілса Левітса. Левітс адмовіўся балатавацца на другі тэрмін, піша Delfi.

Першы раўнд галасавання стартаваў а 9-й раніцы. Палітычныя партыі намінавалі на прэзідэнцкую пасаду трох кандыдатаў: гэта дзейны міністр замежных спраў Эдгарс Рынкевічс ад «Новага адзінства», Улдыс Піленс, якога падтрымлівае кааліцыйная партыя «Аб'яднаны спіс», і Эліна Пінта, якую вылучылі сацыял-дэмакраты.

Галасаванне можа праходзіць у адзін або некалькі раўндаў.

Новага кіраўніка дзяржавы могуць абраць з першай спробы, калі за яго прагаласуе большасць — ад 51 дэпутатаў са 100. У Сейме прысутнічае 87 са 100 дэпутатаў, прычым 10 з іх адмовіліся браць у галасаванні. Гэта дэпутаты ад папулісцкай партыі еўраскептыкаў «Стабільнасць» Аляксея Рослікава.

Раўнды галасавання з тымі ж або іншымі кандыдатамі праводзяць датуль, пакуль прэзідэнта не абяруць.

Рэкордна зацяжныя выбары былі падчас 2-га і 3-га скліканняў латвійскага Сейма, яшчэ перад савецкай акупацыяй часоў Другой сусветнай. Густаў Земгалс і Альбертс Кесіс былі абраныя пасля 10 раўндаў галасавання.

За прэзідэнта Эдгара Левітса ў 2019 годзе прагаласаваў 61 дэпутат. 

Прэзідэнт абіраецца ў Латвіі на чатыры гады.

Nashaniva.com