«Размова пра лічаныя хвіліны». У паветраных сілах Украіны патлумачылі, чаму Расія абстрэльвае Кіеў «Іскандэрамі»

Атакуючы Кіеў ракетамі «Іскандэр» расейцы хочуць нанесці ўдар нечакана, каб было мала часу для таго, каб схавацца і не змагла зрэагаваць СПА.

01.06.2023 / 10:22

«А якім яшчэ ўзбраеннем яны могуць гэтак хутка і эфектыўна нанесці ўдар? Былі ў іх спробы наносіць удары ракетамі С-400 менавіта па Кіеўскай вобласці. Праціўнік выкарыстоўвае менавіта гэтыя аператыўна-тактычныя комплексы для таго, каб было мінімум часу зрэагаваць на гэтыя рэчы», — растлумачыў прадстаўнік камандавання паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат, піша РБК-Украіна.

Ігнат прывёў наступны прыклад. Дапусцім, калі ляцяць крылатыя ракеты з Каспія або з Чорнага мора, то адпаведна ёсць каля гадзіны, каб зрэагаваць і пайсці ў сховішча, а ў выпадку з «Іскандэрамі» гаворка ідзе пра лічаныя хвіліны.

«Праціўнік хоча заспець знянацку, каб наша СПА не змагла зрэагаваць. Але, як бачым, спрацавала і гэтым разам», — мяркуе ён.

Уначы ў Кіеве прагучала трывога, у розных раёнах былі чутныя выбухі праз працу СПА. Абломкі збітых цэляў знайшлі адразу ў трох раёнах сталіцы.

І хоць СПА збіла ўсе 10 ракет, якія выпусціла Расія з «Іскандэраў», без ахвяр не абышлося. У прыватнасці, у Дзяснянскім раёне загінулі тры чалавекі. Яшчэ 10 атрымалі раненні, сярод іх таксама ёсць дзіця.

Чытайце таксама:

Начная атака на Кіеў. Ёсць загінулыя, у тым ліку дзіця

«Людзі грукалі, але ніхто не адчыніў». Жыхар Кіева распавёў, як у выніку сённяшняга абстрэлу загінула яго жонка

Nashaniva.com