Пяскоў: Перадумоў для дыялогу па Украіне няма

У Крамлі заявілі, што навокал становіцца ўсё больш разваг аб мірным працэсе, аднак мэты Расіі пры гэтым не прымаюцца да ўвагі.

02.06.2023 / 15:15

Дзмітрый Пяскоў. Фота: kremlin.ru

Перадумоў для дыялогу па Украіне няма, хоць вакол усё больш разваг аб мірным працэсе — пакуль абстрактных, пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, піша «Спутнік».

«Наконт дыялогу мы неаднаразова казалі — цяпер такога варыянту няма. Ён не праглядаецца, і ніякіх перадумоў няма», — сказаў Пяскоў, каментуючы сітуацыю вакол Украіны.

Аднак ён адзначыў, што навокал — як сярод экспертаў, так і сярод прадстаўнікоў еўрапейскіх краін — становіцца ўсё больш і больш абмеркаванняў «пакуль абстрактных, але разваг ўсё ж такі ўжо пра нейкі мірны працэс».

«Праўда, у гэтых развагах не гучыць нейкая палітычная воля да таго, каб браць пад увагу мэты і заклапочанасці нашай краіны. Для нас гэта з'яўляецца галоўным прыярытэтам», — растлумачыў Пяскоў.

Раней у Крамлі паведамлялі, што Масква выступаюць супраць замарозкі ўкраінскага канфлікту і разглядаюць магчымасць толькі завяршэння «спецыяльнай ваеннай аперацыі» [так у Расіі называюць поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну — НН] для «забеспячэння сваіх інтарэсаў і дасягнення пастаўленых перад Расіяй мэтаў».

Як растлумачыў тады прэс-сакратар прэзідэнта Расіі, усе гэтыя мэты могуць быць дасягнуты «з дапамогай СВА [вайны — НН], ці іншымі даступнымі сродкамі».

Nashaniva.com