У СМІ трапіў падобны да сапраўднага кантракт, які даказвае продаж Расіі боепрыпасаў з боку Ірана

Брытанскія СМІ атрымалі доступ да магчымага кантракту на пастаўку зброі, які можа быць першым важкім доказам таго, што Іран прадаваў боепрыпасы Расіі для яе вайны ва Украіне.

05.06.2023 / 11:19

Як піша «Еўрапейская праўда», з дакументам азнаёміўся брытанскі канал Sky News.

Калі гэты 16-старонкавы дакумент, датаваны 14 верасня 2022 года, з'яўляецца аўтэнтычным, то ў ім гаворыцца пра ўзоры артылерыйскіх і танкавых снарадаў і ракет рознага памеру на агульную суму крыху больш за 1 млн даляраў.

Старонка кантракту, апублікаваная Sky News

Крыніца перадала тэлеканалу дакумент разам з пяццю старонкамі нібыта звязанага кантракту, які ўключае ў сябе ствалы для танка Т-72 і ствалы для гаўбіцы, а таксама снарады да яе. Гэтая здзелка каштавала каля 740 000 даляраў ЗША.

«Гэта кантракт паміж іранцамі і расейцамі па боепрыпасах… Мы лічым, што ён на 100% аўтэнтычны», — сцвярджае крыніца ў органах бяспекі Брытаніі.

Sky News паказаў дакументы прэм'еру Украіны Дзянісу Шмыгалю падчас яго візіту ў Вялікабрытанію ў маі, а таксама міністру замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймсу Клеверлі.

Кіеў і Лондан заявілі, што плануюць расследаваць сапраўднасць матэрыялу і будуць прымаць меры, калі будзе ўстаноўлена, што ён заслугоўвае даверу.

«Мы падазравалі, што адбываецца нешта падобнае. Як толькі мы праверым гэта належным чынам, мы зможам дзейнічаць адпаведна», — сказаў амбасадар Украіны ў Брытаніі Вадзім Прыстайка.

«Калі нам будзе прадастаўлена інфармацыя, мы будзем спрабаваць ацаніць яе і пацвердзіць. І, вядома, мы будзем прымаць рашэнні на аснове гэтага», — адзначыў у сваю чаргу кіраўнік МЗС Брытаніі Джэймс Клеверлі.

Прыстайка таксама заявіў, што кантракт, калі ён сапраўдны, з'яўляецца доказам таго, што ў Расіі заканчваюцца вайсковыя запасы.

«Тое, што яны кажуць пра такія простыя рэчы, як узбраенне, як боепрыпасы, сведчыць пра тое, што расійская пазіцыя сапраўды з'яўляецца досыць складанай», — адзначыў ён.

Nashaniva.com