«Карны орган з ланцугом злачынстваў». Рада БНР пракаментавала ўнясенне ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў

«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла да ведама інфармацыю аб сваім уключэнні ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» з боку КДБ Рэспублікі Беларусь — карнага органу, за якім яшчэ з часоў Леніна цягнецца ланцуг злачынстваў і тэрору супраць беларускага народа», — гаворыцца ў заяве Рады.

07.06.2023 / 14:25

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і Святлана Ціханоўская

Дадзенае рашэнне, прынятае незаконнай злачыннай арганізацыяй, якою з'яўляецца КДБ РБ, ніякім чынам не паўплывае на далейшую дзейнасць Рады БНР, якая будзе працягваць прадстаўляць суверэнныя правы беларускага народа‚ выяўленыя ў праватворчым Акце 25 Сакавіка 1918 г. і зафіксаваныя Трэцяй Устаўной Граматай БНР, заяўляе Рады.

«Рада БНР заяўляе, што аўтарытарны палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі ў выніку дзяржаўнага перавароту 1995—1996 гг. і узурпацыі ўлады з боку групы асобаў на чале з былым прэзідэнтам А. Лукашэнкам, з'яўляецца нелегітымным і не мае права прамаўляць ад імя народа Беларусі», — падкрэслівае Рада БНР.

***

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі — найстарэйшая беларуская палітычная і дзяржаўная інстытуцыя ў эміграцыі. Яе заснавалі ў лютым 1918 года ў Мінску. З 1920 года знаходзіцца ў эміграцыі.

У Раду цяпер уваходзяць 80 сяброў, якія прадстаўляюць беларускія арганізацыі з 15 краін: Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі. Кожныя два гады Рада БНР праводзіць сесіі, паміж якімі пастаянным дзейным органам застаецца Прэзідыум Рады. З 1997 года старшынёй Рады БНР застаецца Івонка Сурвіла.

Чытайце таксама:

У Беларусі прызналі экстрэмісцкім фармаваннем Раду БНР

Nashaniva.com