З Белавежскай пушчы выйшлі амаль усе зубры. Куды і навошта?

Амаль усе статкі зуброў цягам кастрычніка выйшлі з Белавежскай пушчы на адкрытыя ўгоддзі. Пра гэта паведаміў навуковы аддзел Нацыянальнага парку.

30.10.2023 / 17:55

Фота: npbp.by

Як растлумачылі навукоўцы, месцы дыслакацыі зуброў у Белавежскай пушчы змяняюцца па сезонах.

«З надыходам восеньскіх халадоў лясныя ўчасткі, дзе жывуць гэтыя жывёлы, паступова змяняюцца на пашавыя і іншыя даступныя тэрыторыі. Абумоўлена гэта тым, што ў зімовы час года ў лесе для такіх буйных жывёл недастаткова натуральных кармоў, і яны вымушаныя шукаць яго на палях і сенажацях», — расказалі ў нацпарку.

Зубры будуць знаходзіцца за межамі лясных масіваў увесь зімовы і ранневясновы перыяд. У тым ліку яны будуць «пад'ядаць» рэшткі цукровых буракоў, кукурузныя пачаткі і нават пасевы азімых. Толькі ў траўні, са з'яўленнем у лесе травяністага корму, жывёлы вернуцца ў свае традыцыйныя месцы пражывання.

Як адзначылі ў нацпарку, такая заканамернасць у жыцці белавежскіх зуброў адзначаецца з году ў год. Пры гэтым каля 20% ад усіх белавежскіх зуброў застаецца зімаваць у лясах на месцах іх зімовай падкормкі.

Фота: npbp.by

На пачатак бягучага года ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча» налічвалася 730 зуброў (на 27 больш, чым у папярэднім годзе).

Чытайце таксама:

У Літве зуброў вырашылі пасяліць каля мяжы з Беларуссю

Каб перавезці зубра з калгаснага статка ў сафары-парк, запрасілі спецыяліста з Якуціі і стварылі камісію з 26 чалавек

Мёд, балоты і дубы. Дзе і як адпачыць на Палессі восенню?

Nashaniva.com