Вадзім Пракоп'еў перабраўся ў ЗША

«Бяру ў арэнду машыну і еду да статуі Свабоды запісваць зварот да беларускага народа», — перадае з Вашынгтона па відэасувязі Вадзім Пракоп'еў, якому «Наша Ніва» пазваніла пацікавіцца, ці сапраўды ён з'ехаў жыць у Амерыку. Паміж развагамі пра тое, як цяжка будзе вытрымаць эстэтыку і трапіць кадрам у нерв (калі здымаць зблізу, за спінай будзе толькі пастамент; а жыццясцвярджальны ракурс на Лібертаса адкрываецца толькі з вострава, які ігнаруецца грамадскім водным транспартам — браць у арэнду яшчэ і лодку?!), Пракоп'еў расказвае нам пра ветры, якія выдзьмулі яго з варшаўскага лофта, пранеслі над Атлантыкай і прызямлілі ў аскетычнай вашынгонскай студыі, у якой з натхняльнага — толькі від на Капітолій. 

26.12.2023 / 18:27

Унутры пустых белых сценаў, чыю геаметрыю ламаюць толькі прыцягнутыя з распродажу танканогі стол і двухспальны ложак, выстраены ў строгі чорны гарнітур Пракоп'еў глядзіцца памаладзелым — усё ж штурмаваць ЗША звычайна едзе народ менш павідаўшы, юны.

Вадзім Пракоп'еў. Скрыншот відэа TOK_talk / YouTube

А Пракоп'еў свае tickets to D.C. без зваротнага квітку купіў у 52 гады — гэта амаль столькі ж, дарэчы, колькі год турмы (50) яму выпісала беларускае правасуддзе, ад якога Пракоп'ева цяпер аддзяляе 7 тысяч кіламетраў. 

«У мяне ёсць тры задачы: бізнэс, валанцёрства ў Каардынацыйнай радзе — кажу «валанцёрства», каб народ не падумаў, што гэта дэпутацкі распіл грантаў, — і вучоба», — тлумачыць Пракоп'еў мэты свайго знаходжання ў Амерыцы. 

Пра бізнэс Пракоп'еў просіць шмат не пісаць. Але любы чалавек, які мае разуменне пра папярэднюю дзейнасць Вадзіма, зможа ўявіць, памыліўшыся толькі ў стылістычных дэталях, выгляд і стыль бліскучай вывескі пасярод вашынгтонскага авеню, якая пульсіруе ў фантазіях былога мінскага рэстаратара.

З гэтым усё ясна, але навошта яму выбары ў Каардынацыйную раду? 

«Як мінімум дэбаты там стануць весялейшымі», — кажа Вадзім, які мае ўсе шансы ўзмацніць кволае парламенцкае прадстаўніцтва КР у ЗША.

Пра вучобу Пракоп'еў гаворыць з гонарам. Штурмаваць іншыя кантыненты і вышыні пазнання, размяняўшы палціннік, аднолькава складана і пачэсна.

Вадзім стаў дыстанцыйным случахом палітычнага курсу ў Hillsdale College — цікавіцца традыцыямі амерыканскага дзяржаўнага кіравання і дыпламатыі. Курс разлічаны на паўгода і, як кажа студэнт, абсалютна бясплатныя.

Вяртацца ў Еўропу Пракоп'еў бліжэйшыя паўгода не збіраецца.

Nashaniva.com