На мяжы канфіскавалі і выставілі на аўкцыён рарытэтны спорткар

Гандлёвы дом «Усходні», які займаецца рэалізацыяй канфіскаванай маёмасці, выставіў на аўкцыён рарытэтны спорткар.

10.01.2024 / 13:53

Фота: konfiskat.by

Гэта Chevrolet Corvette выпуску 1976 года. Прадстаўлены на таргах лот — узор трэцяга пакалення легендарнай спартыўнай мадэлі. Пад капотам аўто — 5,7-літровы рухавік. Гэта базавы матор, а па жаданні кліента на спорткар ставілі нават 7,3-літровыя агрэгаты, заўважыў blizko.by.

Прабег у 48-гадовага аўтамабіля невялікі — усяго 77 562 км. Як адзначана ў апісанні, маюцца «сколы, драпіны». Машына была канфіскаваная на літоўска-беларускай мяжы (правозіла кантрабанду).

Стартавы кошт гэтага «Шэўрале» склаў 158.175 рублёў (49.500 даляраў паводле актуальнага курсу). Пры гэтым удзельніку аўкцыёну неабходна ўнесці задатак не менш за 10% ад першапачатковай цаны лота. Адбудуцца таргі 12 студзеня.

Nashaniva.com