У Саудаўскай Аравіі мерацца пабудаваць двухкіламетровы хмарачос

Архітэктурная кампанія з Вялікабрытаніі працуе над праектам самага высокага ў свеце хмарачоса, які будзе ўдвая вышэйшы за цяперашняга рэкардсмена, паведамляе выданне Architects' Journal.

07.03.2024 / 22:10

Фота: Architects' Journal

Гэты праект меркавана будзе каштаваць $2 млрд, і яго падтрымлівае публічны інвестыцыйны фонд Саудаўскай Аравіі.

Будынак у сталіцы краіны Эр-Рыядзе дасягне вышыні 2000 метраў і будзе больш чым удвая вышэйшым за «Бурдж-Халіфу» (828 м) у Дубаі, які пабудавалі ў 2010 годзе.

У праекце гэтага незвычайнага хмарачоса, акрамя яго ініцыятараў (брытанская кампанія Foster + Partners), удзельнічаюць шэраг іншых вядомых архітэктурных фірмаў. Будаўніцтва пачнецца на ўчастку, размешчаным недалёка ад міжнароднага аэрапорта «Кароль Салман», на поўнач ад сталіцы Саудаўскай Аравіі.

Дарэчы, кампанія Foster займаецца рэканструкцыяй гэтага і яшчэ трох аэрапортаў у Саудаўскай Аравіі. Скептыкі праекта, аднак, задаюцца пытаннем, як будзе арганізаваная ў будынку пажарная бяспека і што будзе, калі адчыніць акно на вышыні 2 км. Незразумела таксама, як для такога аграмаднага будынка арганізаваць належны падмурак.

Цікава пра гэтым, што акурат цяпер у той жа Саудаўскай Аравіі паблізу горада Джыда будуецца вежа Jeddah Tower, якая павінна стаць 1000-метровым хмарачосам. Новы праект адразу мае зацяніць стары. 

Чытайце таксама:

Японія плануе пабудаваць цалкам аўтаномны плаваючы горад на 40 тысяч чалавек

У Дубаі прэзентавалі першы прыватны самалёт для вечарынак. Расказваем, што ўнутры і колькі каштуе арэнда 

У Саудаўскай Аравіі з'явіцца высокатэхналагічны хмарачос у форме куба 

Nashaniva.com