Прадаўцы аўтамабіляў просяць адмяніць рэгуляванне цэнаў у іхняй сферы

Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА) прапанавала выключыць легкавыя аўтамабілі з-пад дзеяння нормаў пастановы Савета Міністраў № 713 «Аб сістэме рэгулявання цэнаў», згодна з якімі цэны на легкавікт рэгулюе дзяржава. Адпаведнае паведамленне размясцілі на сайце БАА.

26.03.2024 / 17:05

Фота ілюстрацыйнае

Сваю прапанову арганізацыя грунтуе на матэрыялах праведзенага перад гэтым міні-даследавання. Для яго БАА запрасіла ў Белстата інфармацыю пра індэксы спажывецкіх цэн (ІСЦ) на легкавыя аўтамабілі за перыяд са студзеня 2023 года па люты 2024-га.

Паводле атрыманых звестак, ІСЦ у снежні 2023 года склаў 105,57% да ўзроўню снежня 2022-га, а ў лютым 2024 года — 102,88%. Гэта значыць, прыкметнае зніжэнне цэнаў. А прычына гэтага ў тым, што, як лічыць БАА, на рынку продажаў новых легкавікоў дамінуе айчынная кампанія «БелДжы», а кантроль за цэнамі гэтага вытворцы выконвае дзяржава «з дапамогай уладальніцкага нагляду ў асобе Мінпрама». А іншыя аўтадылеры вызначылі сваю цэнавую палітыку з аглядкай на лідара рынку.

У асацыяцыі адзначылі, што праз пастанову Саўміна «Аб сістэме рэгулявання цэнаў» беларускі аўтабізнэс «пазбавіўся традыцыйных у сусветнай практыцы інструментаў стымулявання продажаў». Гэта, як лічаць у БАА, неэфектыўная сістэма аўтабонусаў (стымуляцыйных выплат), зарэгуляваны аўталізінг, магчымасці рэкламы і іншае.

«Узраслі агульныя працавыдаткі, сфармаваўся залішні дакументаабарот, істотна вырасла верагоднасць здзяйснення тэхнічных памылак пры афармленні дакументаў. З улікам вышэйпададзенага ўяўляецца мэтазгодным выключыць легкавыя аўтамабілі з-пад дзеяння нормаў пастановы № 713», — заявілі ў асацыяцыі.

Чытайце таксама:

На станцыях тэхагляду пачалі афармляць дазволы для аўто на тры гады

У Гродне прадаюць грузавічок з ГДР, які выглядае як цацка

«Пры мне шукалі аб'явы на Авіта». Беларускі перагоншчык машын з ЕС у Расію расказаў, як палякі знайшлі ўправу на яго

Мытны камітэт выпусціў каментар пра абмежаванні, уведзеныя Польшчай для аўто. Беларускія мытнікі даведаліся пра іх ад СМІ

Nashaniva.com