Польшча перастала выпускаць у Беларусь люксавыя аўто па просьбе Латушкі?

Пачынаючы з 23 сакавіка, Польшча перастала прапускаць у Беларусь аўтамабілі пэўных катэгорый і іншыя падсанкцыйныя тавары. Пагаворвалі, што гэтае пытанне лабіяваў Павел Латушка. «Наша Ніва» спытала ў палітыка, які яго ўнёсак у гэтую справу.

03.04.2024 / 08:36

Павел Латушка. Фота: «Наша Ніва»

Павел Латушка кажа, што ён неаднаразова агучваў свае прапановы па кантролі за выкананнем санкцый і іх узмацненні пад час розных сустрэч з прадстаўнікамі ўрада Польшчы, Літвы і Латвіі, а таксама з Упаўнаважаным ЕС па пытаннях санкцый Дэвідам О’Саліванам.

Пасля таго, як летам 2023 года краіны Балтыі пастрожылі кантроль за выкананнем санкцый, НАУ накіравала прапанову Польшчы прыняць аналагічныя меры.

«Яшчэ 4 ліпеня 2023 года мы накіравалі асобныя лісты ў МЗС і МУС Польшчы. Гэтыя прапановы ў далейшым былі перанакіраваныя ў Міністэрства фінансаў Польшчы для наступнага вывучэння, пра што мы былі праінфармаваныя», — кажа Латушка.

26 студзеня 2024 года кіраўнікі мытняў Літвы, Латвіі і Эстоніі зацвердзілі пагадненне Балтыйскага рэгіёну аб прымяненні адзіных мер кантролю, звязаных з выкананнем санкцый, якія прадугледжвалі патрабаванне да перавозчыкаў паказваць дэкларацыю вытворцы.

 «На сустрэчы 15 лютага 2024 года мы абмяркоўвалі гэтую тэму з намесніцай міністра замежных спраў Польшчы Хенрыкай Масьціцкай-Дэндзіс», — адзначыў Латушка.

Папярэднюю інфармацыю аб прыняцці пастановы, на якую спасылаюцца польскія мытнікі, калі адмаўляюць пераганяць аўто праз мяжу, НАУ атрымала 22 сакавіка 2024 года пад час сустрэчы ў МЗС Польшчы. То-бок за дзень да таго, як пачала з’яўляцца інфармацыя пра новыя патрабаванні з боку польскай мытні.

«Такім чынам, мы бачым, што цяпер кантроль узмацняецца, а таксама будзе прымяняцца адказнасць да парушальнікаў санкцыйных мер аж да крымінальнай», — кажа Латушка.

Чытайце таксама:

Літоўская мытня затрымала аўтамабіль, які пераганяў беларус

Чаму паток люксавых аўто ішоў праз Польшчу і як іх будуць увозіць цяпер

Не толькі люксавыя аўтамабілі. Якія яшчэ тавары могуць забараніць вывозіць з Польшчы ў Беларусь 

Nashaniva.com