ГУБАЗіК піша удзельнікам эмігранцкіх чатаў і, падобна, ужывае новыя спосабы пераканання
Супрацоўнікі ГУБАЗіК экспартавалі гісторыі шэрагу эмігранцкіх чатаў і цяпер пішуць іх удзельнікам, паведамілі MOST некалькі беларусаў, якія жывуць у Польшчы і атрымалі паведамленні сілавікоў. Падчас перапіскі сілавікі адпраўлялі скрыншоты напісаных эмігрантамі паведамленняў. Бачна, што яны — з запампаванай гісторыі чата.
17.04.2024 / 10:56
Аднаму з чытачоў MOST Яну (імя змененае) напісалі ў тэлеграме з акаўнта «Прафілактыка экстрэмізму. Саветы».
На аватарцы — будынак ГУБАЗіК у Мінску па вул. Рэвалюцыйнай. У розны час акаўнт на тым жа ID называўся «Экстрэмізму — не» і «Стоп экстрэмізм. Прафілактыка. Саветы». Вядома, што ён быў у некалькіх беларускіх пратэсных чатах і што з яго пісалі і іншым эмігрантам.
Да суразмоўцы прадстаўнік ГУБАЗіК звярнуўся па імю па бацьку. Чытач MOST піша ў чаце пад сваім імем, але імя па бацьку не паказвае. Суразмоўца не назваў сябе, таму Ян не адразу зразумеў, з кім менавіта мае справу. Толькі напрыканцы кароткай перапіскі ананім сказаў, што ён з ГУБАЗіКу.
Па словах Яна, гутарку сілавік вёў у нефармальнай і нават жартаўлівай манеры. Прычым ужываў нестандартны падыход: паведаміў, што ў Беларусі Яна ніхто не шукае, у базах яго няма, і рэкамендаваў пачысціць каментары ў чатах, калі той вырашыць вярнуцца на радзіму.
Магчыма, гэта новы спосаб пераканання: сілавікі даюць эмігрантам зразумець, што прыезд у Беларусь нічым ім не пагражае, каб схіліць да вяртання.
«Прапанова сесці мяне не прывабіла», — каментуе гэта Ян.
З таго ж акаўнта атрымалі паведамленні і іншыя беларусы. Адзін з іх у сацсетках распавёў, што яго, наадварот, палохалі тым, што ён памрэ ў выгнанні. Але весці перапіску з сілавіком мужчына не стаў.
Пра тое, што эмігранты сталі атрымліваць паведамленні сілавікоў, стала вядома на мінулым тыдні. Але тады паведамлялася, што ў поле іх зроку траплялі ў асноўным тыя, хто дапамагаў палітвязням і іх сваякам.
Праваабаронцы рэкамендуюць не пачынаць камунікацыю, падчас якой вы можаце перадаць адчувальную для сябе інфармацыю беларускім спецслужбам.
Хто той губазікавец, які, меркавана, збіваў палітзняволеную Кацярыну Новікаву пасля затрымання
Беларусам за мяжой сталі пісаць ад імя ГУБАЗіКа і Следчага камітэта