І даказвай, што ты не баран

05.04.2010 / 10:38

2 красавіка Менскі гарадскі суд адмяніў рашэнне раённай выбарчай камісіі пра нерэгістрацыю кандыдата ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Як распавёў Рыгор Літвін, раённая выбарчая камісія не зарэгістравала яго з-за быццам бы памылкі ў дэкларацыі, дзе быў не ўказаны зямельны ўчастак. Аднак гэты ўчастак спадар Літвін прадаў некалькі гадоў таму, што пацвердзіў пры падачы дакументаў на рэгістрацыю дагаворам продажу.

«У суд апроч дагавора продажу я прадаставіў і іншыя дакументы, якія засведчылі тое, што ў мяне больш няма гэтай зямлі, і суддзі нічога не заставалася, як задаволіць маю скаргу», — адзначыў актывіст БХД.

Рашэнне суду перададзена гарадской выбарчай камісіі, адкуль будзе накіравана ў раённую акруговую (Куйбышаўская акруга № 46), дзе сёння ці ў панядзелак Рыгору Літвіну выдадуць пасведчанне кандыдата ў дэпутаты.

Такім чынам, у выбарчай кампаніі БХД у Менску будзе ўдзельнічаць 11 кандыдатаў.