У Лунінцы знайшлі авіябомбу — эвакуявалі больш за 200 чалавек

29.07.2010 / 11:40

У Лунінцы пры правядзенні будаўнічых работ знойдзена авіяцыйная бомба часоў Другой сусветнай вайны.

Як паведаміў начальнік службы баявога забеспячэння вайсковай часці № 7404 Дзяніс Навахацкі, 28 ліпеня каля 11.00 на боепрыпас каўшом экскаватара наткнуўся рабочы, які капаў траншэю для пракладкі камунікацый. Работы былі прыпыненыя.

Паводле інфармацыі прэс-сакратара Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Машнова, да прыбыцця сапёраў работнікі Лунінецкага раённага аддзела па НС сумесна з міліцыяй эвакуявалі з небяспечнай зоны 223 чалавекі: 50 — з цэнтральнага універсама, 40 — з міні-рынку і 133 — з чатырох бліжэйшых жылых дамоў.

Прыбыўшыя на месца сапёры дасталі з зямлі авіябомбу тыпу "ФАБ-50" з узрывальнікам, якая ляжала на глыбіні каля паўтара метра. Група размініравання вывезла боепрыпас у бяспечнае месца і знішчыла яго. Авіябомба апынулася баявой.

З пачатку 2010 года гэта ўжо трэцяя авіябомба часоў Другой сусветнай вайны, абясшкоджаная сапёрамі вайсковай часці № 7404.

Ларыса Шыганава, БелаПАН.