У Мінск Стынг прыедзе на дзесяці фурах

06.09.2010 / 17:42

Падрыхтоўка да прыезду Стынга і брытанскага Каралеўскага сімфанічнага аркестра ў Беларусі выйшла на фінішную прамую. Нагадаем, першы канцэрт Стынга ў Мінску плануецца 18 верасня.

Паводле інфармацыі арганізатараў канцэрта, музыкант і яго гурт прыляцяць з Вільнюса на асабістым самалёце, астатнія ўдзельнікі тура прыедуць на аўтобусах: у двух размесцяцца музыканты аркестра і яшчэ ў чатырох — тэхнікі, якія адказваюць за арганізацыю шоу (усяго 139 чалавек).

Для канцэрта ў «Мінск-Арэне» Стынг прывязе з сабой усё светлавое і гукавое абсталяванне — гэта дзевяць грузавікоў аўтэнтычнай тэхнікі, якая выкарыстоўвалася на ўсіх канцэртных пляцоўках тура Symphonicity. Гук для Стынга робіць кампанія Clair Global, якая ўжо 40 гадоў працуе на музычным рынку. Кампанія супрацоўнічала з Элвісам Прэслі, а зараз таксама ўдзельнічае ў арганізацыі тураў Kiss, U2, Green Day і яшчэ 70 выканаўцаў.

За пультам падчас канцэрта будзе працаваць аўстралійскі гукарэжысёр Говард Пэйдж, які даўно супрацоўнічае са Стынгам і Каралеўскім філарманічным аркестрам. Канцэрт будуць здымаць чатыры камеры, а відарыс — праецыравацца на некалькі вялікіх рухомых экранаў. Экраны будуць трансляваць канцэрт і відэаэфекты, над стварэннем якіх працавалі дзевяць вядомых відэамастакоў. Сярод апошніх і Мішэль Гондры, кліпмейкер Radiohead і рэжысёр фільмаў «Вечнае ззянне чыстага розуму» і «Перамотка».

Асобная брыгада тэхнікаў забяспечыць у Мінску светлавое шоу, параўнальнае, па інфармацыі арганізатараў, з тымі, якія можна ўбачыць на канцэртах Muse, Radiohead і Джорджа Майкла.

Арт-дырэктар Symphonicity Роберт Молнар, расказваючы аб арганізацыі шоу, звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць усіх дробязяў і дэталяў. «Усё, пачынаючы ад касцюмаў і заканчваючы афармленнем сцэны, створана для таго, каб глядач змог як мага глыбей пагрузіцца ў зачараванне голасу Стынга і адчуць паэзію яго песень», — заявіў Молнар.