Мытнікі затрымалі партыю кантрабандных 3D-акуляраў

22.04.2011 / 18:38

Паводле інфармацыі прэс-службы Дзяржаўнага мытнага камітэта, ашмянскія мытнікі затрымалі буйную партыю кантрабандных 3D-акуляраў.

Падазрэнне мытнікаў выклікаў грузавы аўтамабіль «Івека», які рухаўся з Літвы ў Расію са зборным грузам. У ходзе мытнага надгляду тавараў на пасту «Каменны Лог» было ўстаноўлена, што акрамя заяўленых прадметаў транспартуюцца не названыя ў таваратранспартных дакументах спецыяльныя акуляры для прагляду фільмаў у 3D-фармаце. Іх колькасць склала 1.930 штук.

Як высветлілася пазней, адпраўніком грузу з’яўлялася гандлёвая структура Вялікабрытаніі.

Кантрабандны тавар на 96,5 млн. рублёў канфіскаваны. Ашмянскай мытняй пачаты адміністрацыйны працэс.