Завяршэнне здзелкі па продажы «Белтрансгаза» чакаецца восенню

21.07.2011 / 13:39

Завяршэнне здзелкі па продажы 50% акцый ААТ «Белтрансгаз» чакаецца восенню. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 21 ліпеня старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгій Кузняцоў.

«Перамоўны працэс ідзе цяжка, — прызнаў ён. — Калі б размова ішла толькі пра дагавор куплі-продажу, то праблем бы вялікіх не было. Але на гэты дагавор навешаны іншыя ўмовы: тарыфы, аб’ёмы».

Самае цяжкае — зняць менавіта гэтыя пытанні, падкрэсліў Кузняцоў. «І ад таго, як яны будуць вырашаны на высокім узроўні з нашага і расійскага боку, залежыць хуткасць працэсу», — дадаў кіраўнік Дзяржкаммаёмасці.

***

Як паведамлялася раней, куплю ААТ «Белтрансгаз» абмеркавалі 4 ліпеня ў тэлефоннай размове старшыня праўлення ААТ «Газпром» Аляксей Мілер і першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Паводле вынікаў размовы Мілер заявіў, што беларускі бок працягвае звязваць падпісанне дакументаў па «Белтрансгазе» з узгадненнем умоў новага кантракта на пастаўку газу ў Беларусь, і гэта «можа прывесці да зацягвання перамоўнага працэсу і нічога не зменіць па сутнасці».

Падчас тэлефоннай размовы таксама было падкрэслена, што ўмовы дзейнага да канца 2011 года кантракта не могуць быць зменены, паведаміла прэс-служба «Газпрома».

19 ліпеня ў інтэрв’ю БелаПАН пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў: Расія разглядае куплю «Белтрансгаза» «ў большай ступені як дапамогу Беларусі ў сувязі з ростам цэн на газ, які ўжо адбыўся пры пераходзе на ўзаемавыгадныя рынкавыя адносіны».

Дыпламат падкрэсліў: Расія не бачыць сэнсу звязваць набыццё другой паловы акцый «Белтрансгаза» з узгадненнем новых цэн на прыродны газ, які будзе пастаўляцца Беларусі ў найбліжэйшыя год-два.

«Гэта два розныя пытанні, — сказаў Сурыкаў. — Мы да канца года запоўнім „Паўночны паток“. Праз „Белтрансгаз“ жа ўсяго транспартуецца 14 мільярдаў кубаметраў газу… Ёсць у Беларусі жаданне ўтрымаць гэты транзіт — адно пытанне, не — другое пытанне. Што такое 14 мільярдаў у агульным транзіце газу на трэку Украіна — Беларусь у дзвесце з лішкам мільярдаў кубаметраў? Мы разглядаем куплю „Белтрансгаза“ ў большай ступені як дапамогу Беларусі ў сувязі з ростам цэн на газ, які ўжо адбыўся пры пераходзе на ўзаемавыгадныя рынкавыя адносіны. Мы тады купілі за 2,5 мільярда палову трубы для кампенсацыі гэтага росту цэн, ні для чаго іншага. І можам купіць другую палову таксама ў большай ступені з гэтых жа меркаванняў. Мы разумеем, што ўскосна датычныя да сітуацыі, яна часткова пагоршылася з-за росту цэн на энерганосьбіты. І купляючы гэтую трубу, мы хочам у тым ліку дапамагчы беларускаму боку захаваць па гэтай трубе транзіт. Таму што купіўшы, павінны будзем ужо самі думаць, як бы яна не прастойвала».