Беларусь можа адабраць у Расеі газаправод Ямал‑Эўропа

Расейскі аналітык: «Лукашэнка мае ў запасе дужа моцны ход. Па прыкладу Сахаліна Беларусь можа цалкам накласьці на «Газпром» шматмільярдныя штрафы. І нібыта законным шляхам атрымаць ва ўласнасьць 51% транзітнага газаправоду».

10.01.2007 / 12:26

«Лукашэнка мае ў запасе дужа моцны ход – «варыянт Мітволя» (кіраўнік расейскага Фэдэральнага агенцтва па нагляду ў сфэры прыродакарыстаньня – заўв. Рэд.), ‑ лічыць аналітык East European Gas Analysis Міхаіл Карчэмкін. – Беларускі ўчастак газаправоду Ямал‑Эўропа, які належыць «Газпрому», быў пабудаваны ў 2003 г. Я ўпэўнены, што на трасе можна знайсьці мноства парушэньняў прыродаахоўчых законаў Беларусі».

У прыватнасьці, па словах Карчэмкіна, на фотаздымках з космасу добра бачна, што шырыня землеадводу амаль у тры разы перавышае нарматыўныя 45 мэтраў. «Па прыкладу Сахаліна, Беларусь можа цалкам накласьці на «Газпром» шматмільярдныя штрафы, ‑ лічыць экспэрт. – І нібыта законным шляхам атрымаць ва ўласнасьць 51% транзітнага газаправоду. Я думаю, мы хутка пачуем словы Лукашэнкі пра тое, што «газаправод Ямал‑Эўропа – гэта звыродлівы шнар на твары «сінявокай Беларусі». Прыдадуцца ўсе напрацоўкі «Газпрому» і Мітволя – ад незаконнай вырубкі леса да парушэньня экалягічнага рэжыму вадаёмаў».

Для даведкі: Пасьля таго, як расейскія ўлады выставілі шматмільярдныя экалягічныя прэтэнзіі да праекту «Сахалін‑2» (распрацоўка двух радовішчаў на расейскім шэльфе ля выспы Сахалін), ягоныя замежныя акцыянэры мусілі пагадзіцца ў тым, што ў праекце будзе ўдзельнічаць «Газпром».

Паводле gazeta.ru

Фота photo.bymedia.net