Мінабароны працягвае пошукі вайскоўца, які ўцёк з часці

15.08.2011 / 12:12

Міністэрства абароны Беларусі працягвае пошукі ваеннаслужачага тэрміновай службы Сцяпана Захарчанку, які самавольна пакінуў 27 ліпеня адну з часцей Мінскага гарнізона.

Як паведаміла прэс-служба вайсковага ведамства, па факце самавольнага пакідання часці распачата крымінальная справа. Падчас вывучэння акалічнасцяў учынення злачынства ўстаноўлена, што Захарчанка характарызаваўся негатыўна. Яшчэ да прызыву ў армію неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за хуліганства і распіванне спіртных напояў у грамадскім месцы. Сваімі калегамі Захарчанка характарызуецца як 

«гультаяваты, хітры і круцеляваты чалавек, схільны да зману і парушэння дысцыпліны, які ўвесь час шукае выгаду і канфліктуе з тымі, хто яго акружае».

У перыяд праходжання службы неаднаразова спрабаваў ухіліцца ад выканання сваіх абавязкаў шляхам шматлікіх неабгрунтаваных скаргаў на стан здароўя. Сёлета вайсковец больш за 15 раз звяртаўся па медыцынскую дапамогу і правёў амаль два месяцы на стацыянарным лячэнні. Але захворванні не пацвердзіліся: у галоўным ваенным медыцынскім клінічным цэнтры было праведзена адпаведнае абследаванне, і Захарчанка быў прызнаны абсалютна здаровым і прыдатным да службы. Знаходзячыся на абследаванні, ён свядома ўхіляўся ад правядзення медыцынскіх працэдур, імкнуўся зацягнуць час свайго знаходжання ў медустанове.

БелаПАН