Ермакова: Нічога страшнага не адбудзецца, калі мы год-два не будзем развіваць жыллёвае будаўніцтва

Старшыня Нацбанка не выключае, што на некалькі гадоў давядзецца прыпыніць жыллёвыя праграмы.

20.10.2011 / 14:22

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова не выключае, што ў Беларусі на некалькі гадоў давядзецца прыпыніць жыллёвыя праграмы.

«Пры цяперашніх стаўках не зусім зручна і нават не зусім рэальна крэдытаваць жыллё. Нічога страшнага не адбудзецца, калі мы год-два пацерпім і не будзем развіваць жыллёвае будаўніцтва. Напэўна, сур’ёзна давядзецца прыпыніць жыллёвыя праграмы», — заявіла Ермакова на прэс-канферэнцыі 20 кастрычніка.

Паводле яе слоў, за кошт сродкаў бюджэту зараз фінансуюцца толькі тыя аб’екты, якія ўводзяцца сёлета.

«Каб збалансаваць эканоміку ў 2012 годзе, нам давядзецца жыць у сціплых умовах крэдытавання», — зазначыла Надзея Ермакова.

Яна таксама паведаміла, што да канца гэтага года будзе павышаны кошт жыллёва-камунальных паслуг для насельніцтва.