«Нестанды» больш няма

Лідар гурта «Нестандартны варыянт» афіцыйна абвясціў пра спыненне дзейнасці.

11.11.2011 / 10:13

Адзін з найстарэйшых беларускіх рэп-гуртоў -- «Нестандартны варыянт» -- паведаміў пра сканчэнне музычнай дзейнасці.

Як патлумачыў «Тузіну Гітоў» адзін з заснавальнікаў каманды Зміцер «Міх» Міхневіч, такое рашэнне было справай не аднаго дня, яно абдумана і ўзважана: «Фактычна мы не працавалі над новымі трэкамі ўжо некалькі гадоў, а толькі працягвалі канцэртную дзейнасць. Пра прычыны гэтага цяжка сказаць адназначна. Магу вылучыць некаторыя з іх. Гэта найперш узрост і неактуальнасць нашай музыкі, асабістыя ўзаемаадносіны, праблемы са здароўем, цяжкасці сумяшчэння асноўнай працы і музыкі, сям’я...».

На думку рэпера, за апошнія 10 год хіп-хоп вельмі змяніўся: «Гэта музыка стала больш якаснай і высокатэхнічнай,

але ў той жа час я не магу прыняць сучасны хіп-хоп, бо ён стаў грубым, злым і несапраўдным.
Такой моды мы прытрымлівацца не можам. На сёння наша музыка неактуальная». Міх зазначае, што застаецца побач з музыкай і не выключае, што пры пэўных умовах каманда можа адрадзіцца.

У астатнім ён просіць выказаць словы падзякі ўсім слухачам і сябрам «Нестанды» -- «за любоў, трыванне і доўгі шлях, які прайшлі разам».

***