Шэйман паляцеў у Гану

Дэлегацыя спонсараў з Беларусі, Расіі ды Польшчы прыбыла ў Гану з пяцідзённым візітам.

11.11.2011 / 11:51

Як паведамляюць мясцовыя СМІ, дэлегацыя наведае шэраг міністэрстваў для вывучэння інвестыцыйных магчымасцяў.

Беларускую дэлегацыю ўзначальвае Віктар Шэйман — памочнік Аляксандра Лукашэнкі па адмысловых даручэннях. Ён заявіў СМІ, што

галоўнай мэтай Беларусі з’яўляецца стварэнне агульных прадпрыемстваў у Гане.
Па словах Шэймана, Беларусь мае намеру пастаўляць у Гану ўгнаенні, трактары ды іншую сельскагаспадарчую тэхніку.
Аднак Ганскае радыё на сваім сайце паведамляе, што Беларусь хоча пабудаваць сэрвісны цэнтр верталётаў MI-17.
У гэтым цэнтры меліся б рамантаваць верталёты гэтага тыпу з усёй Афрыкі. Пра гэта Шэйман гаварыў з міністрам абароны генерал-лейтэнантам Дж. Смітам у Акры, сталіцы Ганы.

Міністр Сміт ухваліў гэтыя планы і дадаў, што быў бы патрэбны яшчэ і трэнінгавы цэнтр для пілотаў верталётаў. Рэалізацыя верталётных праектаў заняла б, па словах ганскага чыноўніка, каля 5 гадоў.