Гледачам не спадабаўся зняты па новай тэхналогіі «Хобіт»

На фестывалі CinemaCon у Лас-Вегасе былі прадэманстраваныя 10 хвілін з фільма Пітэра Джэксана «Хобіт», які здымаўся з частатой 48 кадраў у секунду.

26.04.2012 / 09:15

Рэжысёр лічыць, што тэхналогія дазваляе дасягнуць больш высокай якасці малюнка, максімальна наблізіўшы яго да рэальнасці, рухі на запісе робяцца больш плаўнымі і натуральнымі.

Аднак матэрыял не спадабаўся гледачам, якія назвалі ўрывак падобным да кіно, знятага для тэлебачання, — менавіта такое ўражанне стварае празмерная рэзкасць малюнка. «Занадта дакладная, занадта чыстая выява, праблемы з кантрастам: цёмнае выглядае чорным, светлае — занадта яркім», — падзяліўся ўражаннямі адзін з удзельнікаў прагляду.

«Хобіт: Нечакана падарожжа» — экранізацыя аповесці-казкі Дж. Р. Р. Толкіна, упершыню апублікаванай у 1937 годзе. У пракат стужка выходзіць у пачатку снежня 2012. Да гэтага моманту, спадзяюцца стваральнікі стужкі, кінатэатры паспеюць абнавіць сваё абсталяванне, неабходнае для дэманстрацыі фільма з заяўленымі 48 кадрамі ў секунду. У адваротным выпадку гледачам давядзецца задаволіцца «стандартнымі» 24 кадрамі ў секунду.