Сямашка: Беларусь павінна рыхтавацца да скачка цэнаў на газ

Газавая халява будзе цягнуцца нядоўга, мяркуе віцэ-прэм’ер.

16.05.2012 / 11:34

Беларусь павінна быць гатова да павышэння цэнаў на расійскі газ, заявіў сёння на пленарным пасяджэнні Беларускага прамысловага форуму першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

«Мы павінны быць гатовыя да павышэння цэнаў на газ і павінны выкарыстоўваць наяўную газавую паўзу для ўзняцця энергаэфектыўнасці эканомікі краіны», — сказаў першы віцэ-прэм’ер.

Паводле словаў Уладзіміра Сямашкі, Расіі неабходныя велізарныя сродкі для развіцця газавай сферы. «Паводле ацэнак, толькі для асваення Ямала трэба ўкласці $150–180 млрд., а гэта значыць $25–30 млрд. штогод», — сказаў ён. Таму Расія будзе падвышаць унутраныя цэны на газ.

«Расія будзе выводзіць унутраныя цэны на роўнадаходныя, а раз так — будуць істотна расці цэны на газ і для Беларусі»,
— дадаў ён.
«Цяпер газ Беларусі абыходзіцца танна — па цане $165,6, аднак газавая паўза не будзе доўгай», — падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер.

У сувязі з гэтым ён заклікаў вытворцаў зрабіць захады па павышэнні энергаэфектыўнасці і энергазберажэнні.