Мілінкевіч: «Любыя спробы правакацыяў будуць жорстка падаўляцца»

Лідэр апазыцыі пракамэнтаваў рамонтныя працы на Кастрычніцкай.

22.03.2007 / 21:32

На Кастрычніцкай плошчы працягваюцца рамонтныя работы. Будаўнікі здымаюць плітку на плошчы і ўкладваюць яе ў той жа самы дзень назад. Такія работы ідуць ужо ад аўторка.

Нагадаем, што ў нядзелю на Кастрычніцкай плошчы заплянаваны збор удзельнікаў акцыі да Дня Волі. Ня выключаны варыянт, што рамонт Кастрычніцкай плошчы працягнецца і ў нядзелю, што можа стварыць перашкоды для ўдзельнікаў акцыі.

Лідэр апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч наступным чынам пракамэнтаваў рамонтныя працы на Кастрычніцкай:

«Гэта можа быць звычайны плянавы рамонт, але можа азначаць наўмыснае стварэньне перашкодаў для людзей, што выйдуць на Плошчу. Другая мэта, якой, магчыма, зьбіраецца дасягнуць ўлада – сьвядомая падрыхтоўка да правакацыяў, каб стварыць апазыцыі імідж экстрэмістаў. Запэўніваю, што мы зробім усё магчымае, каб не ператварыць мірную дэманстрацыю ў хаос. Любыя спробы правакацый будуць жорстка падаўляцца з боку нашай дружыны. Мы і надалей зьбіраемся адсочваць падзеі вакол Кастрычніцкай плошчы. Нягледзячы на ўсе перашкоды ўладаў, пляны не зьмяняюцца. Збор прызначаны там жа, дзе і быў заплянаваны – на Кастрычніцкай плошчы а 12:00».

Зьміцер Панкавец