Новы ўласнік «Белтэхэкспарта» ні разу не фігураваў у навінах і не з’яўляецца заснавальнікам ніводнай юрасобы

Хто такі Дзмітрый Гурыновіч, які набыў кампанію Пефціева, дагэтуль незразумела.

31.05.2012 / 15:44

Загадкавы «расійскі мільянер» Дзмітрый Гурыновіч, які купіў экспарцёра беларускай зброі «Белтэхэкспарт» у мільярдэра Уладзіміра Пефціева, працягвае бударажыць бізнэс-колы. Адкуль ён узяўся?

Да ўчорашняй угоды Гурыновіч ні разу не фігураваў у навінах і не з’яўляецца заснавальнікам ніводнай юрыдычнай асобы.
Нагадаем, паводле афіцыйнай версіі, ён з’яўляецца выпускніком і аспірантам Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі.

Аднак паводле інфармацыі «Беларускага партызана»,

Гурыновіч ў пачатку 2000-ых гадоў быў дарадцам Пефціева ў кампаніі Velcom. Апроч таго, яго называюць пляменнікам старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай.

Невядома, адкуль у інтэрнэт-сайта гэтая інфармацыя і ці праўдзівая яна.

Выданне даводзіць, што купля «Белтэхэкспарта» — фіктыўная ўгода. Змена ўласніка ў кампаніі можа дазволіць вывесці Уладзімір Пефціева са спіса невыязных, у якіх ён трапіў за падтрымку рэжыма Аляксандра Лукашэнкі.

ЯМ