Павал Севярынец. Змагары.

Надрукавана ў №11'2007

Зноў моладзь на вуліцазх Менску. Дзень Волі. У Сітне сваё змаганьне. Якраз пад Дзень Волі выдалі заробак.

29.03.2007 / 14:40

Зноў моладзь на вуліцах Менску. Дзень Волі. Тысячы маладых у першых шэрагах. Зноў — допыты, арышты, ператрусы. Дзяніс Дзянісаў чакае суду за «масавыя беспарадкі». Барыс Гарэцкі галадае на «сутках». Зьмітру Дашкевічу й Артуру Фінькевічу прыдумалі чарговыя спагнаньні, каб пазбавіць права на амністыю. У крымінальнай справе Маладога фронту — ужо пяцёра падазраваных і больш ста дапытаных у 18‑ці гарадох.

А вось у Сітне — сваё змаганьне. Якраз пад Дзень Волі выдалі заробак за люты. П’янства, сваркі й кулачныя разборкі — ці то празь вясновае абвастрэньне, ці то ў выніку сэзоннага авітамінозу, ці праз усё горшае жыцьцё — і праўда лютыя. Вяскоўцы набіраюць гарэлкі, «чарніла», самагону, бы гранатаў перад танкавай атакай, — і пасьля нядоўгага расьпіцьця баі мясцовага значэньня залпам выбухаюць на кожнай вуліцы. Б’юць субутэльнікаў, слабейшых, занадта гаваркіх, падхалімаў у начальства й проста тых, хто трапіцца пад руку. Калі ў інтэрнацкім пакоі насупраць пачынаецца п’янка, можна засякаць час — праз паўтары гадзіны сьцены скалануцца ад удараў. Выглянуўшы на дзікія крыкі, можна пабачыць, напрыклад, на падлозе, у запырсканым крывёю пакоі, хлопца, які з апошніх сілаў адбіваецца ад зэдліка, дзе заблыталася нага, і да зьнямогі калоціць перакулены спружынны ложак: ваяр яўна ляснуў зь белага каня.

Колькі сіценцаў ды алёшчынцаў пасьля некалькіх дзён «змаганьня» ходзяць зь гематомамі ды пераломамі; полацкія міліцыянты, што прыяжджаюць на выклікі сужыцелек ды матак, са звыклым уздыхам занатоўваюць: «Са словаў пацярпелага, выпадкова ўпаў з ганку ды ўдарыўся тварам…» Ані зьместу, ані наступстваў грандыёзных бітваў празь месяц ужо ніхто не згадае — але вось сёньня, цяпер, калі алькаголь даў у галаву і мора адчаю ды несправядлівасьці вакол здаецца па калена, можна распранутым да пояса рушыць па вуліцы, бы Матросаў на амбразуру, міма ўсіх гэтых кантораў, сельсаветаў і непрыяцельскіх хатаў зь дзікім нечалавечым ровам: «За‑аб’‑ю‑у‑у!!!»

«Ды ў мяне прапрадзед у Каліноўскага быў, чуеш?! — дыхае ў твар жывым сьпіртам аднагодак. — Ай, нічога ваша партыя не разумее…»

Ціхія, прыніжаныя вяскоўцы ды хімікі пасьля дзьвюх‑трох бутэлек тутэйшага «кактэйлю Молатава» ператвараюцца ў марскую пяхоту — і адкуль толькі бяруцца сіла, нахабства ды гэты зьвярыны роў!

Знаёмы аўганец, што доўга жыў у Расеі, неяк напісаў: наколькі ціхамірныя і апатычныя п’яныя расейцы — настолькі агрэсіўнымі й жорсткімі робяцца беларусы. Вядома, ёсьць пэўныя стадыі ап’яненьня: выходзіць, расейцы набіраюцца да поўнага атупеньня, а беларусы, наадварот, каб увайсьці ў раж ды зьдзічэць. Тым часам нацыянальны патэнцыял нянавісьці, гневу, ваяўнічасьці пагрозьліва перапаўняецца. Паводле вядомай формулы — «што ў цьвярозага наўме…», — узьнікае пытаньне: дык які ён, беларус, сапраўдны?

Ці не адсюль — фэномэны падсьвядомасьці накшталт «Зянон‑хопу»?

І вось зьдзіўляесься — няўжо страшэнныя масавыя бойкі ў Сітнах, Маларытах ды Мар’іных Горках адбываюцца ў краіне, дзе толькі 15—18‑гадовыя дзеці насьмельваюцца ісьці ў галаве калёны на апазыцыйным шэсьці? Няўжо танклявы «акулярык» або дзяўчынка‑калясачніца, якія займаюцца незалежнай журналістыкай у раёне на некалькі дзясяткаў тысячаў жыхароў — адзіныя, хто можа ўголас казаць праўду ў вочы мясцовай уладзе? Няўжо школьнікі‑маладафронтаўцы, якіх дзясяткамі дапытвае КДБ — самая сур’ёзная ў радыюсе 300 кілямэтраў ад Менску апазыцыя рэжыму?

У часы ВКЛ змагары‑шляхціцы зьбіраліся на паспалітае рушаньне дзясяткамі тысячаў. Падчас паўстаньняў ды войнаў знаходзіліся тысячы змагароў, гатовых аддаць жыцьцё дзеля Беларусі.

Няўжо стагодзьдзі прыгнёту павынішчалі зь беларусаў генэтычныя коды мужнасьці, самаадданасьці, адвагі? Няўжо засталіся толькі жывёльная злосьць ды рабская нянавісьць, што выплёскваюцца хіба ў рабскім угары?

Беларуская моладзь даводзіць: не!

Цяпер нацыянальнаму руху якраз бракуе змагароў — моцных хлопцаў, што заступяцца за дзяўчыну, на якую замахваецца амапавец, здолеюць скруціць правакатара і не аддадуць на глум бел‑чырвона‑белы сьцяг.

Разам з тым, трэба разумець: на полі гвалту, зброі, нянавісьці перамагчы рэжым немагчыма. Гэта зона, падкантрольная д’яблу. Той, хто будуе змаганьне на гвалце, — непазьбежна прайграе. Гвалт супярэчыць самому паняцьцю свабоды, а свабода — гэта ўжо Божая тэрыторыя.

Таму для сёньняшняга пакаленьня нацыянальнага руху галоўнае змаганьне адбываецца не на плошчах і нават ня ў камэрах, а найпершыя ворагі — не міліцыянты ці гэбісты. Найважнейшая бітва йдзе ў самім маладым чалавеку — з боязьзю, абыякавасьцю, бязьвер’ем. Штодня, штогадзіны, штохвіліны Валадарства Нябеснае сілаю дасягаецца, і тыя, хто высільваюцца, здабываюць яго, кажа Біблія. Той, хто адолеў зло ў самім сабе, — непераможны.

А гэта значыць: менавіта змагары са страхам ды грэхам ва ўласным сэрцы будуць галоўнымі героямі нацыянальнага абуджэньня.

Павал Севярынец, в. Малое Сітна