Статкевічу адмоўлена ў змякчэнні рэжыму

31.07.2012 / 12:47

Камісія магілёўскай турмы № 4 адмовілася змякчыць рэжым утрымання былому кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу. Пра гэта Статкевіч паведаміў у лісце сваёй жонцы Марыне Адамовіч.

Паводле яе слоў, Статкевіч напісаў ёй ліст пасля адбыцця 10 сутак у штрафным ізалятары.

Палітык таксама паведаміў, што кіраўніцтва магілёўскай турмы дало яму абяцанне больш не прапаноўваць напісаць прашэнне аб памілаванні.

«Ён напісаў, што настаяў, каб кіраўніцтва турмы дало яму абяцанне «больш ніколі нават не казаць пра „памілаванне“, бо, па-першае, яго пазіцыя вядомая і нязменная. Па-другое, гэта кепскі для яго знак, бо кожны раз пасля адмовы „папрасіцца“ ў яго пачынаюцца праблемы з насоўкамі, біркамі, суседзямі, што цягне спагнанні», — сказала Адамовіч.
У той жа час Статкевіч заклікаў з разуменнем ставіцца да тых, хто напісаў прашэнне аб памілаванні.
«Але розныя людзі, розныя сітуацыі, розная адказнасць. У мяне яна найбольшая, улічваючы маё „кандыдацтва“. Я не асуджаю нікога з тых, хто „папрасіў“, прашу не асуджаць іх нікому, буду шчыра рады, калі яны выйдуць на волю, але сам „прасіцца“ права не маю. І ніякія ШІЗА і „рэжымы“ тут нічога не мяняюць», — напісаў палітык.