«Ліверпуль» рэкамендуе сваім заўзятарам не фатаграфаваць ў Беларусі ваенныя аб'екты і міліцыянтаў

31.07.2012 / 17:16

Напярэдадні паядынку 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы, што пройдзе 2 жніўня ў Гомелі, афіцыйны сайт «чырвоных» размясціў памятку аб знаходжанні англійскіх фанатаў у Гомелі, адзначае «Гомельская правда».

-- Падарожнічаючы цягніком, трымайце пры сабе мабільныя тэлефоны, грошы, пашпарты і іншыя каштоўнасці, - пазначана ў паведамленні. - У Беларусі невялікая злачыннасць, але перыядычна бываюць выпадкі крадзяжу, асабліва ў цягніках, якія ідуць у Варшаву і Маскву.

Не фатаграфуйце ўрадавыя будынкі, ваенныя аб'екты і супрацоўнікаў міліцыі. Не піце ваду з-пад крана, а толькі бутыляваную. Не спрабуйце пранесці алкагольныя напоі на стадыён.
Ведайце, што ў Беларусі мала хто размаўляе па-англійску.

У Гомелі заўзятары «Ліверпуля» будуць размешчаны на 6-м сектары стадыёна, -- гаворыцца ў паведамленні на афіцыйным сайце «Ліверпуля».

Дырэктар «Гомеля» Яўген Пабалавец паведаміў у сваім Twitter, што фанаты «Ліверпуля» з СНД выкупілі 275 квіткоў, а з Англіі пакуль застаецца заяўка на 200 квіткоў.