Нацбанк прыпыніў дзеянне ліцэнзіі ЗАТ «ТК Банк»

07.08.2012 / 09:45

Нацыянальны банк Беларусі прыпыніў на адзін год дзеянне ліцэнзіі ЗАТ «ТК Банк» на ажыццяўленне шэрагу банкаўскіх аперацый, у тым ліку на прыцягненне грашовых сродкаў фізічных і юрыдычных асоб ва ўклады (дэпазіты), паведамляе Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка.

Апрача прыцягнення сродкаў ва ўклады абмежаванне закранула выдачу банкаўскіх гарантый, выпуск у абарачэнне банкаўскіх пластыкавых картак, выдачу каштоўных папер, якія пацвярджалі б прыцягненне грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты) і размяшчэнне іх на рахункі, фінансаванне пад уступку грашовага патрабавання (факторынг).

«Гэта рашэнне прынятае ў сувязі з невыкананнем ЗАТ „ТК Банк“ прадпісання аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь і скіравана на абарону інтарэсаў крэдытораў банка»,
— падкрэсліваецца ў паведамленні Нацбанка.

Зазначаецца, што «прынятае рашэнне не прывядзе да ўзнікнення ў ЗАТ „ТК Банк“ абавязацельстваў па датэрміновым выкананні дагавораў з укладчыкамі і іншымі крэдыторамі. Усе абавязацельствы ЗАТ „ТК Банк“ будуць выконвацца ў адпаведнасці з раней заключанымі дагаворамі».