Мітрапаліт Кандрусевіч: Касцёл павінен быць медыйным
У Гродне адкрыўся Першы кангрэс каталіцкіх СМІ ў Беларусі.
24.08.2012 / 17:47
Па словах мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, галоўная мэта кангрэсу — «Паглядзець на саміх сябе. Хто мы на самой справе ёсць». Гэта таксама магчымасць падвесці вынікі развіцця касцёла ў нашай краіне за апошнія 20 гадоў.
Мітрапаліт адзначыў, што сёння
ў Беларусі працуюць два каталіцкія выдавецтвы, выдаюцца 3 газеты і 7 часопісаў, існуюць два інтэрнэт-парталы
Няма, праўда, сваіх каналаў і радыё. Але гэта кампенсуецца пакуль прысутнасцю на дзяржаўным ТБ і радыё. І калі цяпер на тэлебачанні гэта каля трох гадзін штомесяц, то яшчэ год таму не мелі і столькі.
«Калі каталіцкі касцёл хоча быць евангелізацыйным, ён павінен быць медыйным»,
— падкрэсліў Тадэвуш Кандрусевіч.
Першы кангрэс каталіцкіх СМІ ў Беларусі працягнецца да 26 жніўня. Чакаецца, што за тры дні будуць праведзеныя майстар-класы, заслуханы даклады, адбудуцца круглыя сталы. Сярод гасцей — польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі.