69 кандыдатаў у дэпутаты адкрылі выбарчыя рахункі

07.09.2012 / 16:57

69 кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў адкрылі свае асабістыя выбарчыя рахункі. Адпаведная інфармацыя размешчана на інтэрнэт-сайце ААТ «ААБ «Беларусбанк».

Сярод тых, хто адкрыў свае выбарчыя рахункі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі, лідары Партыі БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксей Янукевіч і Анатоль Лябедзька, алімпійскі прызёр у кіданні молата Вадзім Дзевятоўскі, старшыня суда Кастрычніцкага раёна Мінска Уладзімір Чаравач і інш.

Кандыдаты ў дэпутаты могуць фарміраваць асабістыя фінансавыя фонды ў памеры да адной тысячы базавых велічынь (100 млн. рублёў), сродкі якіх можна будзе выкарыстоўваць на агітацыйную кампанію.
Гэта норма выбарчага заканадаўства будзе ўпершыню ўжывацца на парламенцкіх выбарах. У 2010 годзе выбарчыя фонды маглі ствараць кандыдаты ў прэзідэнты.