Пенсіянер з Валожыншчыны на ўласным падворку прытуліў некалькі дзясяткаў катоў — фоты

«Я люблю катоў, а суседзі гэтым карыстаюцца».

04.10.2012 / 16:24

На здымку толькі частка «хвастатага войска».

Пабачыўшы гасцей, каты пачалі выходзіць на падворак.

Багіра ідзе да гаспадара.

«Я люблю катоў. Суседзі пра гэта ведаюць і карыстаюцца — рэгулярна падкідаюць мне новых гадаванцаў», — расказвае пенсіянер з вёскі Канюшаўшчына, што ў Валожынскім раёне.

Ягоны падворак прыцягвае ўвагу здаля: вакол хаткі стаіць каля дзясятка старых савецкіх аўто — «Масквічы», «Волгі», УАЗ. «Некалі збіраўся заняцца рэстаўрацыяй аўто, але справа не пайшла», — скупа тлумачыць гаспадар.

Ён адмаўляецца назвацца, але ахвотна пералічвае мянушкі сваіх гадаванцаў. А іх у яго каля дваццаці, а мо і больш. «Вунь там Багіра. Бачыце, якая чорненькая?...» — пачынае ён пералік хвастатага войска. Багіра, пачуўшы сваё імя, няспешна пацягнулася, выцерлася аб рахманага сабаку і пайшла да гаспадара. Акрамя катоў, на падворку заўважаю трох сабак.

Пенсіянер расказвае, чым харчуюцца яго гадаванцы. «Купляю ім свіныя страўнікі, гатую. Як грошай няма, то вару кашы. Спачатку насы адварочваюць, а як прагаладаюцца, то і каша ідзе». Жыве каціная сям’я ў адмысловым дамку, зробленым іх клапатлівым гаспадаром.

«Напішыце пра маіх катоў. Мо хто будзе ехаць з горада ды возьме сабе пару ў сям’ю», — кажа на развітанне мужчына.

Сямён Печанко